У Браславе правялі турнір па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?»

Актуальное В свободное время

На фота: Пераможніцай турніру стала каманда «Без брыкету».

Адкрыты турнір «Што? Дзе? Калі?», арганізаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама, яшчэ раз пацвердзіў: на Браслаўшчыне шмат прыхільнікаў інтэлектуальных галаваломак.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве зарэгістраваліся 9 каманд — «Гімназісткі», «Без брыкету», «Твік$ Пінск», «Шпаркія ласі», «Дрывяціч», «Мы па блаце», «Аранжавыя камізэлькі», «Паддай газку!», «Мовананоўцы». Адны з іх прадстаўлялі канкрэтную арганізацыю, другія ж былі зборнымі. Сярод удзельнікаў былі інтэлектуалы, якія прымалі ўдзел у леташнім турніры, а таксама навічкі.

«Увага, пытанне» — гэтая сапраўды легендарная фраза, што неаднаразова гучала з вуснаў вядучага мерапрыемства Дзмітрыя Мацкевіча, імгненна прымушала прыціхаць знатакоў і звяртаць увагу на экран, дзе дэманстраваліся слайды з заданнямі. Яны, дарэчы, былі рознай тэматыкі і апелявалі да логікі і эрудыцыі. Гульня складалася з 7 тураў, у тым ліку «бліца», падчас якога трэба было вельмі хутка даць правільны адказ.

Ужо пасля першых трох тураў выявілася тройка камандлідараў, менавіта паміж імі разгарнулася асноўная барацьба за месцы на п’едэстале гонару. На той момант лепшымі былі «Гімназісткі», «Твік$ Пінск» і «Без брыкету». Бліжэйшая каманда «Шпаркія ласі» ад першай тройкі адставала літаральна на некалькі балаў. Тым не менш, інтрыга трымалася да апошняга тура. Перад ім на пяткі лідарам па-ранейшаму наступала каманда «Шпаркія ласі», саступаючы «Твік$ Пінск», якая ўжо была на трэцім радку турнірнай табліцы, літаральна бал. Першыя ж два ўжо займалі каманды «Без брыкету» і «Гімназісткі». Пры гэтым каманда «Твік$ Пінск» прайгравала другому месцу таксама толькі адзін бал. Уяўляеце, з якім настроем падышлі ўдзельнікі да заключнага тура, які расставіў усе кропкі над «і»?!

У выніку трэцяе месца занялі «Гімназісткі», а другое — «Твік$ Пінск».

Пераможцамі гульні з дастатковым адрывам ад сапернікаў стала каманда «Без брыкету». Яна, дарэчы, летась у турніры «Што? Дзе? Калі?» была другой.

Усе каманды атрымалі памятныя дыпломы, а тройка лідараў — медалі і кубкі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.