Раённая газета «Браслаўская звязда» адзначыла сваё 80-годдзе

Власть и общество

Фота: Падчас мерапрыемства ўшанавалі браслаўскіх ветэранаў журналістыкі.

З гэтай нагоды ў актавай зале браслаўскай гімназіі, акрамя супрацоўнікаў рэдакцыі, сабраліся ветэраны працы мясцовай журналістыкі, калегі па рабоце з рэгіёнаў Прыдзвіння, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, проста пастаянныя чытачы газеты.

На працягу васьмі дзесяцігоддзяў «Браслаўская звязда» была і застаецца самым запатрабаваным сродкам масавай інфармацыі сярод жыхароў раёна. Яе карэспандэнты заўжды былі ў гушчы падзей рэгіёна, аб’ектыўна і творча асвятляючы сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, культурна-спартыўныя і духоўныя падзеі, дасягненні і праблемы, праслаўляючы лепшых людзей азёрнага краю. Найлепшыя традыцыі працягвае і цяперашні калектыў рэдакцыі.

Менавіта гэта падкрэслівалі падчас віншаванняў з юбілеем і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў, і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка.

Увогуле ж у гэты святочны для «Браслаўскай звязды» вечар, які праходзіў у сяброўскай атмасферы, у яе адрас прагучала шмат шчырых і цёплых слоў ад чытачоў, а сённяшні працоўны калектыў адчуў на сабе не толькі іх сімпатыю, але і атрымаў стос ганаровых грамат ад кіраўніцтва, памятныя падарункі ад сяброў выдання.

Насычанасць старонак газеты змястоўнай, цікавай, разнастайнай і, галоўнае, аб’ектыўнай інфармацыяй залежыць не толькі ад саміх журналістаў, але і ад тых людзей, у якіх яны яе атрымліваюць. За плённае і адкрытае супрацоўніцтва з карэспандэнтамі раёнкі галоўны рэдактар Вячаслаў Каладынскі ўручыў прадстаўнікам аддзелаў райвыканкама, раённых службаў і арганізацый, прыватных прадпрыемстваў шмат падзяк.

Творчую ж атмасферу свята і прыўзняты настрой на працягу ўсяго вечара стваралі супрацоўнікі культуры. «Браслаўская звязда» шчыра дзякуе ім за падтрымку і дапамогу.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.