Пра вынікі працы браслаўскіх энергетыкаў у бягучым годзе. Інтэрв’ю з начальнікам РЭС

Власть и общество
Бягучы год для супрацоўнікаў Браслаўскага РЭС выдаўся напружаным. Акрамя паўсядзённых клопатаў па абслугоўванні электрычных сетак, сёлета праходзіла іх маштабная рэканструкцыя. Менавіта на аб’ёмах і характары будаўніча-мантажных работ «Браслаўская звязда» засяродзіла ўвагу ў час сустрэчы з начальнікам РЭС Русланам Лапко.
— Руслан Лешыкавіч, у летні перыяд амаль кожны дзень гараджане бачылі, як з самага ранку і да позняга вечара людзі ў касках ды спецвопратцы электрыкаў нешта «чаравалі» каля паветраных ліній.

— Адразу заўважу, што такіх аб’ёмаў рэканструкцыі электрасетак, як сёлета, у Браславе не было ніколі. Мяркуйце самі. Энергетыкі замянілі 6,9 км паветраных ліній (ЛЭП) напружаннем 10 кВ на падземны кабель. Такім чынам, высакавольтных ліній у цэнтры горада больш няма. Напрыклад, праект падобнай рэканструкцыі ўздоўж вул. Гагарына быў падрыхтаваны яшчэ ў 2010 годзе, але рэалізаваць яго змаглі дзякуючы правядзенню «Дажынак» толькі цяпер. Што гэта дало? Перш за ўсё павысілася надзейнасць электразабеспячэння і бяспека. Нельга здымаць з рахунку і эстэтыку гарадскіх вуліц, бо дэманціравалі апоры ЛЭП.

Пабудавалі 20,3 км і нізкавольтных ліній з заменай правадоў на ізаляваныя большага сячэння, што таксама спрыяе надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў і электрабяспецы. Работы ўскладняліся тым, што на пэўным планава адключаным участку іх трэба было паспець выканаць да вечара, каб аднавіць падачу электрычнасці ў час, калі большасць людзей вяртаюцца з работы. Дзякуем гараджанам за паразуменне і цярпенне.

Яшчэ правялі ў пачатку года рэканструкцыю 4,6 км ЛЭП у вёсцы Завер’е. Такім чынам, сёлета змаглі абнавіць амаль 33 км ліній электраперадачы. Акрамя таго, у Браславе энергетыкі пабудавалі 5 трансфарматарных падстанцый з устаноўкай навейшага абсталявання, на 9-і праведзены капітальны рамонт, а 4 падстанцыі будоўлі яшчэ 60-х гадоў мінулага стагоддзя знесены, на іх месцы праведзена рэкультывацыя.

— Нельга не заўважыць, што прыемна змяніўся і знешні выгляд вашага адміністрацыйнага будынка.

— Рэканструкцыя адміністрацыйна-вытворчай базы Браслаўскага РЭС цяпер знаходзіцца ў стадыі завяршэння. Праведзена яна ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Значыць, працаваць персаналу будзе больш камфортна. Нездарма ж кажуць, што ў роднай хаце і сцены дапамагаюць.

— Бачна, Руслан Лешыкавіч, што будаўнічых клопатаў было шмат. На гэтым фоне ці не застаўся ўбаку паўсядзённы догляд паветраных ліній?

— Нагадаю, што на абслугоўванні Браслаўскага РЭС знаходзіцца 1 040 км ЛЭП напружаннем 10 кВ і 1 082 км нізкавольтных ліній, 623 трансфарматарныя падстанцыі. Сёлета ў рамках планавага іх абслугоўвання праводзім капітальны рамонт 56 км высакавольтных і 79,8 км нізкавольтных ліній з выпраўкай апор, рэвізіяй кантактных злучэнняў, з неабходнымі вымярэннямі і прывядзеннем параметраў у адпаведнасць з патрабаваннямі, якія забяспечваюць далейшую бяспечную эксплуатацыю ЛЭП і падстанцый.

— А як часта, акрамя планавых, здараюцца аварыйныя адключэнні?

— У бягучым годзе пакуль што адбылося 41 стыхійнае адключэнне ліній напружаннем 10 кВ, якія звязваюць населеныя пункты. Часцей за ўсё яны здараюцца з-за таго, што правады «замыкаюць» галінкі дрэў, прынесеныя птушкамі. Апошнім часам, асабліва восенню, да іх далучыліся бабры, якія, нарыхтоўваючы сабе корм на зіму, валяць дрэвы.

У першай дэкадзе жніўня электраманцёрам давялося пазмагацца і з вынікам прыроднага бедства. Ураган у сямі месцах пашкодзіў высакавольтныя лініі, што абясточыла ледзь не ўсе населеныя пункты раёна. На працягу двух сутак практычна без перапынку наступствы аварыі прыроднага характару ліквідоўваў увесь персанал РЭС і 2 рамонтныя брыгады з Пастаў. Такая ўжо ў нас спецыфіка работы: быць напагатове ў любы час сутак, нягледзячы на непагоду.

— Звычайна напярэдадні прафесійнага свята ўзгадваюць імёны тых, чый уклад у агульную справу прадпрыемства ці арганізацыі быў у бягучым годзе найбольш адметны.

— Усе 80 супрацоўнікаў электрасетак папрацавалі сёлета не ў звычайным, а ва ўзмоцненым рэжыме і прайшлі, так сказаць, пазапланавую атэстацыю на прафесіяналізм і трываласць. Найбольшая ж нагрузка лягла на плечы Браслаўскага ўчастка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Станкевіча, што забяспечваў правядзенне рэканструкцыі ЛЭП, і брыгаду аўтаматызацыі электрасетак (БАРС) пад наглядам майстра Вячаслава Яхімовіча, якая займалася заменай і рамонтам трансфарматарных падстанцый. Ад імя кіраўніцтва Глыбоцкіх электрасетак, падраздзяленнем якіх мы з’яўляемся, дзякую ўсяму браслаўскаму персаналу за напружаную работу, віншую з прафесійным святам і жадаю ўсяго самага найлепшага ў працы і сямейным жыцці. ■

Гутарыў Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.