Прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання сустрэліся з вучнямі браслаўскіх школ

Власть и общество

На фота: Юлія Чагарына і Ірына Мурашка ўручылі падарункавыя камплекты «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» найбольш актыўным школьнікам, якія атрымалі пашпарты.

Кожны чацвёрты чацвер месяца ва ўсіх школах краіны для вучняў 9 — 11 класаў праходзіць дзень інфармавання пад агульным дэвізам «ШАГ» — «Школа актыўнага грамадзяніна». На гэтыя сустрэчы запрашаюцца прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы.

У лістападзе такое мерапрыемства было прысвечана тэме «Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам». У першую гарадскую школу на сустрэчу з вучнямі прыйшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына і першы сакратар РК БРСМ Ірына Мурашка.

Акцэнт у размове быў зроблены на пераўтварэнні горада падчас яго падрыхтоўкі да абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2019». Безумоўна, адзначыла Ю. Чагарына, новыя і адрамантаваныя аб’екты дазволілі пашырыць магчымасці для самарэалізацыі моладзі і надалі Браславу сваю непаўторную іскрынку, якая прыцягне яшчэ большую колькасць гасцей і турыстаў. Галоўнае цяпер — усё гэта агульнымі намаганнямі зберагчы і памножыць.

У другой гарадской школе госцем стала намеснік старшыні райвыканкама Алена Бабінская. Яна акрэсліла сацыяльна-эканамічнае становішча Браслаўшчыны. У прыватнасці, адзначыла перадавыя сельгаспадаркі і лепшыя прамысловыя прадпрыемствы раёна, а таксама годны ўклад у раённы бюджэт індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры гэтым упэўніла, што мясцовыя ўлады заўсёды ідуць насустрач жадаючым адкрыць сваю справу.

Таксама кіраўніцтва раёна, падкрэсліла А. Бабінская, удзяляе вялікую ўвагу актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва, якое прыносіць значную карысць як людзям, так і інфраструктуры нашага краю.

Шмат увагі, адзначыла намеснік старшыні, надаецца камфортнаму жыццю і актыўнай дзейнасці браслаўскай моладзі: ствараюцца разнастайныя культурныя і спартыўныя аб’екты, падтрымліваюцца шматлікія маладзёжныя праекты і ідэі.

Напрыканцы свайго выступлення Алена Бабінская выказала спадзяванне, што пасля заканчэння вучобы з дыпломамі на руках браслаўскія юнакі і дзяўчаты вернуцца на малую радзіму, каб сваёй добрасумленнай працай уносіць уклад у яе далейшае развіццё і росквіт.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.