Браслаўскія цымбалісткі атрымалі дыплом 1 ступені на фестывалі «Вясёлка сугуччаў»

В свободное время
Больш за 20 дзіцячых творчых калектываў Віцебскай вобласці, Латвіі і Літвы прынялі ўдзел у IV Адкрытым міжрэгіянальным фестывалі ансамблевай музыкі «Вясёлка сугуччаў» у Шаркаўшчыне. Цымбалісткі Браслаўскай ДШМ на ім не засталіся не заўважанымі.

Фестываль для юных музыкантаў праводзіцца ў суседнім райцэнтры з 2016 года. Браслаўчане пастаянна прымаюць у ім удзел і прывозяць дадому ўзнагароды. Сёлета дзіцячую школу мастацтваў годна прадставіў ансамбль цымбалістак «Незабудка» ў складзе Любові Няборскай, Марыны Мезінай, Ксеніі Зуевай і Сафіі Фелькінай. Каторы год запар дзяўчынкі займаюцца ў Любові Храмавай.

— Наш ансамбль выступаў у сярэдняй узроставай групе, разам з намі ігралі флейцісты, акардэаністы, гітарысты і інш. На конкурс мы падрыхтавалі дзве музычныя п’есы сучасных беларускіх аўтараў Аліны Безенсон і Валерыя Іванова. Яны розныя па настроі, прыгожыя па гучанні, — расказала Л. Храмава. — На выступленне выходзілі ў добрым настроі, жартавалі перад мерапрыемствам, а калі пачулі рашэнне журы, то вельмі ўзрадаваліся.

Браслаўскія цымбалісткі атрымалі дыплом 1 ступені, ён папоўніў скарбонку ўзнагарод, атрыманых на ранейшых конкурсах. Аднак дзеля такіх перамог дзяўчаты нястомна шчыруюць на індывідуальных і сумесных занятках, акрамя таго, іграюць у аркестры ДШМ. Вялікі ўклад у гэта дасягненне зрабіла і іх педагог Любоў Храмава, якая, маючы багаты педагагічны вопыт, можа знайсці падыход да вучаніц і захапіць іх заняткамі музыкай. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.