«І складана, і цікава». Браслаўчанін падзяліўся ўражаннямі ад службы ў разведцы

Власть и общество
Мужчыны здаўна асвойвалі ваенную справу, каб заўсёды быць на абароне сваёй сям’і і Айчыны. І сёння, працягваючы гэтую пачэсную традыцыю бацькоў і дзядоў, юнакі праходзяць службу ў арміі. З годнасцю выконваюць свой воінскі абавязак і браслаўскія хлопцы. Большасць з іх лічыць гэты перыяд свайго жыцця часам станаўлення мужнасці.

Згодны з гэтым і браслаўчанін Герман Варанецкі, які нядаўна вярнуўся з арміі. Да службы ён закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «радыётэхніка». Малады спецыяліст уладкаваўся на «Нафтан», дзе яго дзейнасць была звязана з прамысловай электронікай.

— Добра разумеў, — кажа суразмоўца, — што прайсці службу ў арміі трэба абавязкова, таму павестка з ваенкамата не была для мяне сюрпрызам. Зразумела, хваляванне адчуваў, але вялікага страху не было. Пры развітанні слёзы маці і дадзеныя на дарогу словы бацькі кальнулі сэрца юнака, ды будучаму салдату не да твару паказваць сваю слабасць.

Першыя паўгода службы Г. Варанецкага прайшлі ў вучэбным цэнтры ў Печах, дзе ён асвойваў спецыяльнасць сувязіста. Напачатку было цяжкавата прызвычаіцца да армейскага рэжыму: пад’ём — па камандзе, на зарадку, вучобу і ў сталовую — строем, яшчэ і сур’ёзная падрыхтоўка да прысягі. Затое, як заўважыў Герман, час праходзіў вельмі хутка.

Узаемаадносіны паміж камандзірамі і ваеннаслужачымі былі добразычлівыя, а спрэчныя моманты вырашаліся цывілізавана і спакойна.

Па словах хлопца, армейская ежа адрозніваецца ад хатняй, аднак галоднымі салдаты не былі. Да таго на тэрыторыі цэнтра размешчаны магазінчыкі, дзе можна набыць прадукты, саладосці ці выпіць кубачак кавы. Мабільныя тэлефоны не адбіраліся, і звязацца з роднымі ў вольны час можна было без праблем. За добрую службу ваеннаслужачых адпускаюць у звальненне да трох сутак або ў водпуск.

Пасля «вучэбкі» салдат накіроўвалі бліжэй да дому. Г. Варанецкі трапіў у 19-ю асобную механізаваную брыгаду каля пас. Заслонава, што ў Лепельскім раёне, у разведвальны батальён.

— Служыць у такіх войсках, — расказвае Герман, — і складана, і цікава. Нас многаму навучылі. Так, шмат бегалі, трэніраваліся з рознай зброяй, была тактычная і спецыяльная падрыхтоўка, аднак усё гэта спрыяла загартаванасці. Разведчык — перш за ўсё нестандартны салдат, бо яго дзейнасць вядзецца ў тыле ворага.

Акрамя спецыяльнасці сувязіста, браслаўчанін асвоіў курс гранатамётчыка. З захапленнем ён узгадвае свой першы выстрал з гэтай магутнай зброі. Але найбольш запомніліся практычныя вучэнні, якія праходзілі ў лесе пад Барысавам сумесна з іншай брыгадай. Цэлы месяц байцы адточвалі навыкі разведчыка: вучыліся бясшумна хадзіць па азімуце і чытаць карты, карыстацца невербальнымі сігналамі, здабываць патрэбныя звесткі. — Армія кардынальна мяняе светапогляд, — рэзюмаваў хлопец, — на многія рэчы пачынаеш глядзець больш сур’ёзна. Служба ў разведцы загартавала характар, навучыла цярпенню і трываласці ў дасягненні мэты. Гэта, несумненна, дапаможа мне далей у рабоце і жыцці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.