Сшытак з аўтарскімі вершамі і апавяданнямі. Гісторыя аднаго экспаната браслаўскага музея

Отдых
У фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў захоўваецца невялікі, але адметны сшытак, запоўнены запісамі на рускай і беларускай мовах.

Як расказала галоўны захавальнік фондаў Ганна Базарэвіч, гэта нататкі з аўтарскімі вершамі і апавяданнямі Баршчэўскага-Брылевіча. Імя аўтара невядома, толькі такое складанае прозвішча, якое пазначана на тытульным лісце. Рукапіс мае назву «Па шляху жыцця» і даты 1942 – 1950 гг. У ім ад рукі напісаны прыпеўкі, вершы на бытавую, ваенную і лірычную тэматыку, апавяданні.

Кожны запіс датаваны і мае пазнаку пра месца стварэння — Масква, Браслаў. Часцей за ўсё пазначаецца вёска Мізары Браслаўскага раёна, што, хутчэй за ўсё, сведчыць пра месцажыхарства аўтара радкоў.

Рукапіс цікава гартаць, ён напісаны акуратным почыркам, і яго змест лёгка расчытаць. Шкада толькі, што няма ніякай інфармацыі пра аўтара. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.