Браслаў прымаў гасцей з Полацка і Даўгаўпілса ў міжнародным этнаграфічным лагеры

Новости
На Браслаўшчыне сабраліся жыхары Полацка і Даўгаўпілса для ўдзелу ў этнаграфічным летніку.

На прошлым тыдні ў нашым горадзе працаваў міжнародны этнаграфічны лагер «Этналетнік–2019», які праводзіўся ў рамках праекта «Вывучэнне і захаванне традыцыйных рамесніцкіх навыкаў жыхароў даліны Дзвіны/Даўгавы і перадачы іх будучаму пакаленню» праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь у рамках Еўрапейскага інструмента суседства на 2014 – 2020 гады.

Удзел у маштабным летніку прымалі прадстаўнікі Даўгаўпілса, Полацка і Браслава. Для іх была складзена насычаная праграма з наведваннем Дрысвят, Друі, Слабодкі, Далёкіх, знаёмствам з мясцовымі фальклорнымі калектывамі, кулінарнымі стравамі і майстар-класамі.

Рамеснікі і фалькларысты занатоўвалі убачанае, вучыліся рамёствам, а таксама абменьваліся вопытам.

Удзельнікі этнаграфічнага лагера за некалькі дзён пазнаёміліся з культурнай спадчынай Браслаўшчыны, пабывалі ў музеях і на занятках з майстрамі, паглядзелі батлейку, агледзелі знакавыя месцы горада і наваколля. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.