Cтаршыня Браслаўскага райвыканкама сустрэўся з калектывам філіяла АТП № 18

Новости
І сам галава раёна, і члены інфармацыйнай групы закранулі на сустрэчы дастаткова шырокае кола пытанняў. Галоўная ж тэма тычылася аховы працы і выканання Дырэктывы Прэзідэнта № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ларыса Лапко, пытанні наконт прафілактыкі вытворчага траўматызму працягваюць заставацца надзвычай актуальнымі, у тым ліку на Браслаўшчыне.

Паводле статыстыкі, сёлета ў нашым раёне дапушчаны адзін выпадак, калі работнік атрымаў цяжкія траўмы. Падчас уборачнай кампаніі ў адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна механізатар залез на бункер камбайна, каб зняць сук, што зачапіўся за тэхніку пры пераездзе. Аднак пры гэтым спатыкнуўся, зляцеў на зямлю і зламаў абедзве нагі.

У той жа час няшчасных выпадкаў на шматлікіх будаўнічых аб’ектах у нас не зафіксавана. Мае месца адзін факт смерці на рабочым месцы па стане здароўя, але на статыстыцы траўматызму ён не адбіваецца.

Увогуле тэндэнцыі па раёне станоўчыя: за апошнія тры гады непрыемныя лічбы толькі памяншаюцца. Адбываецца гэта на фоне агульнага абласнога росту смяротнасці на рабочых месцах, у тым ліку ў выніку суіцыдаў.

Аляксандр Баданін паралельна завастрыў увагу транспартнікаў на тым факце, што мэта Дырэктывы — праз працоўную дысцыпліну захаваць жыццё і здароўе работнікаў. Аднак нельга скідваць з рахунку і іншыя аспекты — напрыклад, харчаванне, здаровы лад жыцця, якасць медыцынскага абслугоўвання, агульную грамадскую бяспеку і т.п.

Абмеркавалі на сустрэчы і стан спраў у раённым будаўніцтве. Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ Таццяна Севасц’янава падкрэсліла вялікую ролю «Дажынак», дзякуючы якім сёлета ў Браславе праведзены каласальны аб’ем будаўніча-мантажных работ. Ёсць пэўныя планы і на будучыню: распрацоўваюцца дакументы на рэканструкцыю цэнтральнай гарадской кацельні, будуецца шматкватэрны дом, да якога ў 2020 годзе дабавіцца яшчэ адзін. У абодвух, дарэчы, будуць арэндныя кватэры, што, па меркаванні Аляксандра Баданіна, паспрыяе замацаванню на Браслаўшчыне маладых спецыялістаў.

«Увогуле ж важна, каб кожны з нас на сваім месцы працаваў рытмічна і эфектыўна. Каб слова заўсёды падмацоўвалася справай. Крытыкуеш — прапаноўвай, прапанаваў — рабі, зрабіў — адказвай. Тады ў дзеяннях ёсць логіка. І па такіх прынцыпах нам усім варта жыць», — рэзюмаваў старшыня райвыканкама.

Размова тым часам не была маналогам: супрацоўнікі АТП № 18 актыўна задавалі гасцям пытанні. У прыватнасці, браслаўскія транспартнікі занепакоены станам дарог у раёне, асабліва гравійных, чэргамі пры праходжанні медаглядаў і недасканаласцю дарожнай інфраструктуры ў горадзе. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.