Як браслаўскія дарожнікі падрыхтаваліся да зімы

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Па прагнозах сіноптыкаў, у канцы лістапада зіма пачне ўжо заяўляць пра сябе: ноччу тэмпература стане апускацца ніжэй за нулявую рыску. Хоць моцных ападкаў у снежні не чакаецца, а выпаўшы снег будзе хутка раставаць, але зранку на дарогах магчыма галалёдзіца.

Рэдакцыя газеты задала пытанне галоўнаму інжынеру ДРБУ-142 Віктару Жалубоўскаму, ці не застане зіма знянацку дарожную службу.

Па словах інжынера філіяла, перад пачаткам восеньскіх дажджоў дарожнікі прагрэйдзіравалі гравійнае пакрыццё на аўтамабільных шляхах мясцовага значэння. Працуюць грэйдэры і цяпер на асноўных напрамках, у першую чаргу там, дзе праходзяць рэйсавыя і школьныя аўтобусы.

Падрыхтавана тэхніка і для расчысткі снегу, падсыпкі праезнай часткі, нарыхтавана 70 % ад гадавой патрэбнасці пясчана-солевай сумесі. Хоць машынна-трактарны парк арганізацыі далёка не новы, часта здараюцца паломкі, але дарожнікі ў рабочым парадку аднаўляюць механізмы і вузлы, што выходзяць са строю. Таму ў цэлым зіма ніяк не застане знянацку дарожную службу. ■

Казімір ПЯТУШКА.