Вопыт педагога з браслаўскай гімназіі адзначаны дыпломам рэспубліканскага конкурсу

Люди
Штогод Акадэмія паслядыпломнай адукацыі праводзіць рэспубліканскі завочны конкурс метадычных распрацовак урокаў і абагульняе педагагічны вопыт па розных прадметах.

Сёлета настаўнікі хіміі краіны даслалі больш за 120 такіх матэрыялаў. Свой вопыт работы на суд журы прадставіла і педагог з браслаўскай гімназіі Тэрэза Максімовіч.

За яе плячыма амаль 20 гадоў педагагічнага стажу. І ўвесь гэты час яна імкнецца дасціпна данесці да сваіх вучняў мудрагелістыя хімічныя злучэнні і формулы.

— Гэта на першы погляд, — кажа настаўніца, — хімія сумны і складаны прадмет. А на самай справе з яе законамі мы сустракаемся амаль кожны дзень, толькі не ўсе пра гэта ведаюць. Захапіць школьнікаў разгадаць іх, зразумець і выкарыстоўваць у жыцці — адна з галоўных маіх мэт.

Практычнай сувязі хіміі з паўсядзённым бытам і была прысвечана тэма конкурснай распрацоўкі ўрока. Такі цікавы і зразумелы метадычны падыход да тлумачэння школьнай праграмы спадабаўся кампетэнтнаму журы: работа Т. Максімовіч прайшла ў фінал конкурсу. Затым браслаўчанка годна прадставіла свой ўрок непасрэдна ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе яе педагагічны вопыт быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.