Падведзены вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў Браслаўскага раёна

Деньги
Для працаўнікоў палёў і ферм нашага раёна гэты год быў напружаным: капрызы прыроды не давалі хлебаробам расслабіцца. Але старанні, вопыт і ўменне нашых аграрыяў дазволілі ім годна вытрымаць чарговы іспыт. Пра сёлетнія вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў у раёне «Браслаўскай звяздзе» расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання райвыканкама Віктар Казінец.

— У першую чаргу хачу адзначыць плённую працу хлебаробаў нашага раёна, якія займаліся вырошчваннем збожжа. Дзякуючы таму, што мінулай восенню яны здолелі засеяць 9,8 тысячы га азімымі культурамі, сёлета ўдалося намалаціць 32 271 тону зерня, што перавышае леташні паказчык на 6 372 тоны. Гэта прырост у 25 %. Ураджайнасць вырасла на 1,3 цэнтнера з гектара (на 6,8 %). Пры гэтым хацелася б адзначыць даволі плённае супрацоўніцтва нашых гаспадарак з інтэграцыйнымі структурамі. Напрыклад, дзякуючы іх дапамозе валавая вытворчасць зерня ў ААТ «Бярозавы край» павялічылася адносна папярэдняга года ў 6,4 разу, у КУСП «Браслаўскі» — у 2,4. Але і нашы хлебаробы, не чакаючы падмогі, таксама здолелі вырасціць больш багаты ўраджай збожжавых. Гэта СВК «Маяк Браслаўскі», ААТ «Агравідзы», «Друйскі», КУСП «Відзаўскі». Аж на 56 % выраслі намалоты рапсу ў ААТ «Слабодка-агра», на 36 — у «Агравідзах» і на 47,2 — у КУСП «Відзаўскі». Радуе і той факт, што раён своечасова і ў поўным аб’ёме здаў дзяржзаказ збожжавых і зерне-бабовых культур.

Зразумела, што пасля двух неспрыяльных для корманарыхтоўкі гадоў раён паступова здаваў пазіцыі па вытворчасці малака і мяса. Аднак жывёлаводы раёна, зоаветспецыялісты рабілі ўсё магчымае, каб не толькі спыніць тэндэнцыю падзення валавых надояў і прываг, а і павысіць іх. Трэба адзначыць працу ўсяго персаналу і свінагадоўчага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі». Там сярэднясутачныя прывагі пагалоўя павялічыліся да мінулагодніх на 48 грамаў і склалі 663 грамы. За 10 месяцаў бягучага года раёнам рэалізавана 14 751 тона малака пры таварнасці 84 %. Сярэдні надой на карову склаў 2 318 кілаграмаў (+2 кг да леташняга). Пры гэтым у «Маяку» надаілі па 6 162 кілаграмы (+ 4 %).

Падсумоўваючы вынікі, лічу важным адзначыць і некалькі лічбаў па фінансавым становішчы гаспадарак. Па стане на 1 кастрычніка ў сельгаспрадпрыемствах працуе 1 263 чалавекі, іх сярэднемесячная зарплата вырасла на 124 рублі і складае 529 рублёў. Ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за 9 месяцаў атрымана 28 185 тыс. рублёў, або на 1 941 тыс. рублёў больш, чым летась, (прырост склаў 7 %).

Фота з архіва «Б/З».