Аляксандр Сінкевіч — універсальны механізатар з рацыяналізатарскай жылкай

Люди
Заўтра ўсе працаўнікі сельскай гаспадаркі будуць адзначаць сваё прафесійнае свята. У іх ліку і механізатар з ААТ «Друйскі» Аляксандр Сінкевіч. Менавіта гэты старанны і руплівы работнік узнагароджаны граматай абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання.

Аляксандра паважаюць у калектыве, да яго за парадай часта звяртаюцца нават бывалыя калегі. Ды што калегі! Калі, напрыклад, у гаспадарцы трэба тэрмінова адрамантаваць любую тэхніку, інжынер і кіраўнік сельгаспрадпрыемства просяць дапамогі менавіта ў гэтага механізатара. Ведаюць: ён абавязкова наладзіць. Аляксандр жа ніколі не адмовіць, і як кажуць тыя, хто працуе побач, прымусіць рухацца любую груду металу.

Дырэктар гаспадаркі расказвае, што з дапамогай самых незвычайных рацыяналізатарскіх рашэнняў А. Сінкевіч не раз ратаваў, здавалася б, ужо ні на што не годную тэхніку.

Сам жа мужчына кажа, што не ведае, адкуль у яго такія здольнасці. Успамінае, што яшчэ ў школе збіраў розныя «жалезкі», вінцікі і гаечкі, мог самастойна прыдумаць і змайстраваць невялікі кран ці экскаватар са складаным рычажным механізмам, які працаваў як сапраўдны. На ўроках працы Аляксандр схапіў, як кажуць, злёту азы работы на такарным станку. І цяпер сам, калі трэба, точыць неабходныя для рамонту дэталі.

Працуе Сінкевіч на МТЗ-2230. Свайго жалезнага каня вельмі шкадуе і не дае карыстацца нікому. Кажа, што тэхніка — рэч капрызная, любіць адны рукі і добры догляд. Механізатар не дазваляе ёй прастойваць і заўсёды трымае ў найлепшым выглядзе. Мужчына стараецца выконваць патрэбныя аб’ёмы палявых работ без прамаруджавання, каб яны раставалі на вачах і ў кішэнь «капейка капала» хутчэй, але пры гэтым ніколі не забывае пра якасць. Аляксандр пагаджаецца, што праца ў сельскай гаспадарцы цяжкая, але той, хто не лянуецца, можа нядрэнна зарабіць. У гэтым ён упэўніўся неаднойчы.

Кожны год з надыходам вясны механізатар з раніцы да цемры ў полі ці ў майстэрні. Калі хтосьці пасля працоўнага дня можа пакінуць сваю тэхніку для агляду на ранак, то наш герой зробіць усё патрэбнае з вечара, каб выехаць ужо на досвітку. Кіраўнік гаспадаркі жартуе, што А. Сінкевіч — універсальны салдат: з імпэтам і асаблівай акуратнасцю выконвае любую работу. Напрыклад, вясной ён рыхтаваў глебу, сеяў, потым працаваў на нарыхтоўцы кармоў, восенню выязджаў з дыскатарам, уздымаў зябліва. А у дзень нашай сустрэчы Аляксандр працаваў на мехдвары — рыхтаваў сеялку да пастаноўкі на зіму. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.