Равеснікі перамогі. «Знаходзілі ў лесе патроны. Мае сябры ад гэтай забавы засталіся без пальцаў ці рук»

Вялікай Перамозе - 76

Першае пасляваеннае пакаленне не бачыла жудасных падзей вайны, але яно спаўна адчула яе трагічныя наступствы. Добра іх памятае і жыхар агр. Опса Анатоль Слямнёў.

У пераможным 1945 годзе у маладой сям’і, што жыла тады ў Гарадоцкім раёне на мяжы з Расіяй, з’явіўся на свет першанец, якога бацькі атулілі сваёй пяшчотай і любоўю. Як і ўсе равеснікі, хлопчык выхоўваўся на ваенных успамінах бацькоў і аднавяскоўцаў, на іх упартым імкненні наладзіць годнае жыццё.

Маці Анатоля настаўнічала ў мясцовай школе, а бацька, які вярнуўся з фронту без адной нагі, працаваў бухгалтарам у калгасе. Кожны дзень па тры кіламетры даводзілася пераадольваць мужчыне, каб дабрацца да работы. Нават з пратэзам гэта было сапраўднае выпрабаванне, якое займала нямала часу. Таму ўпарты былы франтавік, не зважаючы на падзенні і сінякі, навучыўся ездзіць на веласіпедзе.

Са шчымлівай пяшчотай узгадвае суразмоўца, як вечарамі бацька чытаў яму і тром сёстрам цікавыя кнігі:

— У асноўным гэта былі казкі розных пісьменнікаў. Больш за ўсіх запомнілася даволі тоўстая кніга твораў братоў Грым. А цікавасць да літаратуры падштурхнула мяне рана навучыцца чытаць.

Асаблівага голаду сям’я не адчувала, бо мела ўласную гаспадарку, апрацоўвала агарод, вырошчвала жыта і пшаніцу, а пазней бацька завёў пчальнік. Бабуля пякла смачныя і духмяныя боханы хлеба на кляновых лістах.

Адной з асноўных гульняў для хлопцаў была «вайнушка». Яны знаходзілі ў лесе патроны, а часам гранаты і кідалі іх у вогнішча. Гэты небяспечны занятак стаў трагічнай прычынай не адной дзіцячай смерці або жудаснага калецтва.

— У нашых мясцінах, — кажа А. Слямнёў, — ішлі кровапралітныя баі, і прыпасаў для зброі вакол засталося даволі многа. Нам цікава было назіраць і слухаць, як у полымі страляюць патроны. Але многія мае сябры ад гэтай забавы засталіся без пальцаў ці рук, а хто і ўвогуле загінуў.

Былі і іншыя інтарэсы, больш мірныя. Зімой дзятва выпраўлялася ў лес на лыжах і санках, коўзалася на лёдзе па возеры. Летам гульняў было менш, бо дапамагалі ў хаце па гаспадарцы, а пасля пачатковых класаў працавалі ў калгасе. Спачатку Анатоль пасвіў авечак, а калі крыху пасталеў, брыгадзір даверыў яму коней.

У школе хлопец вучыўся з задавальненнем, усе прадметы даваліся лёгка, і разам з атэстатам А. Слямнёў атрымаў медаль.

Без цяжкасцей ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педінстытута. Праз два гады студэнцкае жыццё было перарвана трохгадовай службай у арміі. А пры размеркаванні на работу малады спецыяліст сам папрасіўся на Браслаўшчыну.

Больш за 40 гадоў А. Слямнёў выкладаў фізіку ў Опсаўскай сярэдняй школе, дзе ў пачатку яго працоўнай дзейнасці было больш за 300 школьнікаў. Граматны і эрудзіраваны настаўнік заўсёды імкнуўся, каб яго вучні зразумелі і засвоілі нават самую складаную тэму, таму яго ўрокі былі цікавымі і заўсёды суправаджаліся вопытамі.

Тут ён закахаўся ў сваю калегу, з якой потым стварыў трывалую сям’ю і ў спагадзе выгадаваў чацвярых дзяцей. Абедзве дачкі і два сыны атрымалі вышэйшую адукацыю, уладкаваліся ў жыцці і адарылі сваіх бацькоў ўнукамі.

Цяпер аптымістычны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй А. Слямнёў цікава і насычана праводзіць свае дні на заслужаным адпачынку. А трымаць сябе ў добрай фізічнай і псіхалагічнай форме яму дапамагаюць праца на агародзе, размінкі для розуму і пазітыўны погляд на жыццё. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.