У СВК «Маяк Браслаўскі» за 10 месяцаў гэтага года вытворчасць свініны вырасла на 4,8%

Деньги
Кажуць, што рабіць прагнозы — справа няўдзячная, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Таму пра тое, з якім вынікам закончыцца год для свінакомплексу СВК «Маяк Браслаўскі», казаць рана, але ўжо сёння тут бачны прагрэс вытворчасці свініны.

У любой справе важна не толькі заняць лідзіруючую пазіцыю, трымаць яе, але знайсці сілы і правільна расставіць прыярытэты, каб зноў і зноў пераадольваць свой жа рэкорд. Такі падыход з года ў год дэманструе на практыцы калектыў свінагадоўчага комплексу «Маяка». Добра бачна гэта з лічбаў статыстыкі. За 10 месяцаў гэтага года ў гаспадарцы вырасцілі 3 786,1 тоны свініны, што на 185 тон больш, чым летась. Сярэднясутачныя прывагі склалі 663 грамы, а на адкорме — 775 грамаў, што на 48 і 56 грамаў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Усяго ж «маякоўцы» прадалі дзяржаве амаль 3 800 тон свініны — гэта таксама плюс звыш 200 тон. Паралельна зменшылася колькасць падзежных свіней.

Намеснік старшыні СВК па свінагадоўлі Людміла Арцем’ева адзначае, што перспектывы развіцця яшчэ ёсць. А поспех прадпрыемства, безумоўна, складаецца з правільна арганізаванай кіраўніцтвам работы, дакладнай працы спецыялістаў, а таксама старання, працавітасці і зацікаўленасці ўсіх работнікаў. З гэтым на свінакомплексе праблем няма, як і сустрэнеш тут выпадковых людзей. Усе супрацоўнікі любяць сваю работу і старанна ўносяць свой пасільны ўклад у агульную справу. Пра гэта сведчаць рэгулярныя перамогі работнікаў свінакомплексу, напрыклад, ў абласных спаборніцтвах па вытворчых паказчыках. Так, амаль кожны месяц даглядчыкі «маякоўскага» свінакомплексу атрымліваюць граматы і грашовыя прэміі ад абласной прафсаюзнай арганізацыі АПК.

Нядаўна ўзнагароду па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сярод аператараў па вырошчванні і адкорме свіней атрымала Алеся Шэмель.

У верасні яе падапечныя ў сярэднім прыбаўлялі ў вазе па 790 грамаў за суткі, што і паслужыла падставай, каб ёй уручылі ўдзячнасць галіновага прафсаюза. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.