Як адпачывалі браслаўскія школьнікі на восеньскіх канікулах

Новости

На фота: Юныя чытачы дзіцячай бібліятэкі з цікавасцю знаёмяцца з выставай разнастайных энцыклапедый. 

Даволі хутка праляцелі для школьнікаў першыя два месяцы вучобы, і яны зноў з вялікім задавальненнем больш за тыдзень адпачывалі на восеньскіх канікулах.

Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела райвыканкама па адукацыі Кацярына Сайкоўская, на базе васьмі школ раёна працавалі аздараўленчыя лагеры, дзе 240 навучэнцаў змаглі адпачыць і з карысцю правесці вольны час. Пры залічэнні ў іх, як заўсёды, перавага аддавалася дзецям-сіротам, з малазабяспечаных і шматдзетных сямей, з аслабленым здароўем і з сямей, што трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча.

У кожнай установе адукацыі была распрацавана свая адметная праграма, насычаная разнастайнымі мерапрыемствамі. Напрыклад, вучні першай гарадской школы пабывалі на цікавых экскурсіях у розных гарадах. У Мёрах яны плавалі ў басейне, а потым пазнаёміліся з экспазіцыяй мясцовага школьнага музея. Падчас наведвання нашай сталіцы школьнікі пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны і паглядзелі вясёлае прадстаўленне ў цырку. А ў Полацку маленькія браслаўчане ў адным з карпусоў універсітэта змаглі задаць сваё пытанне гаворачай галаве, якая зроблена ў вобразе старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата.

У гімназіі восеньскі лагер прайшоў пад дэвізам «Інтэрактыўныя канікулы», дзе кожны дзень быў прысвечаны сваёй тэматыцы. Дзеці з задавальненнем займаліся фотапаляваннем, майстравалі вырабы з прыроднага матэрыялу, даведаліся пра карыснае і шкоднае харчаванне, не абышлі ўвагай тэму бяспечных паводзін у надзвычайных сітуацыях. Падчас экскурсій у некаторыя арганізацыі горада дзяўчынкі і хлопчыкі пазнаёміліся з асаблівасцямі розных прафесій, а шматлікія спартыўныя мерапрыемствы падбадзёрылі дзяцей.

Вясёлыя восеньскія канікулы правялі і вучні Відзаўскай сярэдняй школы ў лагеры экалагічна-біялагічнага накірунку. Як і належыць юным эколагам, іх дзейнасць была скіравана на вывучэнне і ахову прыроды. Дзеці даведаліся пра незвычайных жывёл і разнастайны расліны свет. Пашырыла іх веды і экскурсія па навакольных мясцінах, а потым свае ўражанні яны адлюстравалі ў малюнках. Актыўна вучні наводзілі парадак на прышкольнай тэрыторыі. Ды і іншыя мерапрыемствы ўнеслі разнастайнасць у адпачынак.

Маленькія непаседы Слабодкаўскай сярэдняй школы адзначылі дзень нараджэння алавянага салдаціка, займаліся ў творчай майстэрні, прынялі ўдзел у працоўным дэсанце, пераадольвалі сцяжынку выпрабаванняў, паўтарылі правілы бяспекі і спаборнічалі ў спартыўных эстафетах. Словам, кожны дзень канікулаў школьнікаў чакалі сюрпрызы і мора станоўчых эмоцый. Шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў праходзіла і ў гарадской дзіцячай бібліятэцы. Гэта выставы-прэзентацыі, віктарына пра герояў мультфільмаў, экспрэс-агляд дзіцячых часопісаў, віртуальныя падарожжы і гульнявыя праграмы. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.