Пра рэвалюцыю і 7 лістапада. Як ставяцца да свята браслаўчане розных пакаленняў?

Новости
Кастрычніцкая рэвалюцыя — значная падзея ў гістарычным летапісе XX стагоддзя, якая паўплывала на далейшы ход гісторыі многіх краін. Напярэдадні 7 лістапада, даты, якая ў савецкія часы з’яўлялася ўсенароднай урачыстасцю і адзначаецца сёння, мы папрасілі браслаўчан выказаць сваё меркаванне наконт гэтага свята.

Дар’я ВАСІЛЬЕВА,

навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея:

— У гісторыі вельмі мала падзей, якія можна характарызаваць адназначна. Любая рэвалюцыя — гэта анамальнае з’яўленне ў развіцці грамадства. І калі яна здараецца, то адбываецца разбурэнне старога ладу, як і стала ў 1917 годзе. Мэты, якія бачылі перад сабой рэвалюцыянеры, былі дастаткова станоўчымі. Але трэба памятаць, што здзяйсняліся яны праз кроў, шматлікія ахвяры і рэпрэсіі. Але фактам застаецца і тое, што ў савецкі перыяд былі значныя дасягненні. Таму, лічу, Кастрычніцкая рэвалюцыя мае як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. І мы, сучасная моладзь, павінны ведаць пра рэвалюцыю 1917 года як пра адну са старонак гісторыі, бо яе ўжо не перапішаш.


Людміла КАПТУР,

сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі:

— Асабіста ў мяне да гэтага свята трапяткія адносіны. Дзяцінства праходзіла ў савецкія часы, таму добра памятаю кастрычніцкія дэманстрацыі, у якіх прымалі ўдзел бацькі. Я таксама ішла разам з імі ў калоне дэманстрантаў, а ў старэйшых класах — у школьнай. Дарослыя віншавалі адзін аднаго са святам. Добры настрой быў галоўным атрыбутам гэтага дня. І сёння 7 лістапада атаясамліваецца для мяне з такім паняццем, як любоў да Радзімы. Гэта пачуццё паспрыяла калісьці за гістарычна кароткі час стварыць магутную краіну, якая першая змагла вырвацца ў космас. Ці можна адмаўляцца ад такой духоўнай і матэрыяльнай спадчыны?!


Вера СЯЛІЦКАЯ,

старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў:

— Да гэтай даты адношуся вельмі сур’ёзна. У былыя савецкія часы мы рыхтавалі да яе значныя працоўныя падарункі. Ды і адзначалі свята вельмі маштабна: дарослыя і школьнікі дружна ішлі ў калоне дэманстрантаў з партрэтамі, лозунгамі і паветранымі шарамі, віншавалі адзін аднаго. Хоць камунізм не пабудавалі, аднак і зроблена за гады савецкай улады нямала, і ўсё, чаго дасягнулі, стала стартавай пляцоўкай для грамадства новай фармацыі. Нельга забываць пра грандыёзныя новабудоўлі, яднанне народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, энтузіязм і шчырую веру ў светлую будучыню. Таму з павагай адношуся да гэтага дзяржаўнага свята і тых дзён, якія ўразілі ўвесь свет. Гэта гісторыя нашай краіны, і мы павінны яе паважаць і перадаваць нашым нашчадкам.


Міхаіл МАКСІМОВІЧ,

навучэнец Відзаўскага каледжа:

— З урокаў гісторыі ведаю, што гэта была важная і значная падзея ў лёсе народаў нашай краіны. Як свята адзначалі раней, мне ніхто не расказваў. Сёння яму моладзь вялікае значэнне не надае, бо гэта ўсяго толькі адна вяха ў вялікай гісторыі. Таму лічу, што і адзначаць яго ўжо не трэба.


 

Станіслаў ПЛЯСУН,

вучань 9 класа СШ № 1:

— Кастрычніцкая рэвалюцыя вельмі супярэчлівая. Але безумоўны факт, што гэта была спроба стварыць дзяржаву з альтэрнатыўным ладам капіталістычнаму і грамадства, дзе людзі былі б роўнымі. Але для гэтага выкарыстоўваліся надзвычайныя метады. Пры савецкім ладзе вырасла не адно пакаленне. Сёння гэтае свята не адзначаецца, як раней, таму і для моладзі яно не вельмі зразумелае. А выхадны дзень ніколі не нашкодзіць.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.