Каля 50 браслаўскіх юнакоў атрымалі павесткі аб прызыве на ваенную службу

Новости
Каля 50 браслаўскіх юнакоў прызыўнага ўзросту прыйшлі на ўрачыстае мерапрыемства у РЦК, дзе ім уручылі павесткі аб прызыве на тэрміновую ваенную службу ў рады Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.

Яны ўжо ведаюць, дзе і ў якіх войсках пройдзе іх служба, і гатовы да будучага няпростага этапу ў жыцці. Хтосьці будзе адточваць баявыя навыкі ў войсках сілы спецыяльнах аперацый у Віцебску ці Мар’інай Горцы, іншыя надзенуць форму пагранічнікаў ці ўнутраных войск, а большаць хлопцаў накіруецца ў вучэбныя воінскія часці. Але галоўнае адно на ўсіх — быць гатовымі і умець абараніць Радзіму, добрасумленна выканаць свой воінскі абавязак.

З прывітальным словам да прызыўнікоў звярнуўся раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі. Ён адзначыў, што служба ў арміі — гэта школа фарміравання лепшых якасцей маладога чалавека, такіх як патрыятызм, дысцыплінаванасць, уменне знаходзіць правільны выхад у складаных сітуацыях. Таксама В. Грамніцкі падкрэсліў, што браслаўчане заўсёды з годнасцю выконваюць свій воінскі абавязак і выказаў спадзяванне, што сённяшнія навабранцы на парушат гэтую традыцыю.

Павіншавала хлопцаў і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка:

— Ад таго, як вы будзеце адносіцца да сваіх воінскіх абавязкаў і спасцігаць ваенныя навукі, будзе залежыць абараназдольнасць нашай краіны, спакой, мір і стваральная праца ўсяго беларускага народа. Спадзяёмся, што вы зарэкамендуеце сябе граматнымі воінамі і вярніцеся дадому пасталелымі і ўзмужнелымі.

Да гэтых слоў далучыліся старшыня РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леанід Мікшта, а таксама святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій.

Прыемным настроем і пазітывам зарадзілі прысутных невялікім, але душэўным канцэртам браслаўскія артысты.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.