Мінінфарм арыентуе СМІ на забеспячэнне роўных умоў для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты

Выборы 2019 Главное

На фота: намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі 

«Выбары – 2019: роля рэгіянальных СМІ ў фарміраванні грамадскага меркавання па пытаннях выбарчай кампаніі» — пад такой тэматыкай у Мінску прайшоў форум для журналістаў, які ініцыіравала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Удзельнікі мерапрыемства, а гэта больш за 150 прадстаўнікоў розных сродкаў інфармацыі з усёй рэспублікі, абмеркавалі актуальныя падзеі ў сацыяльным жыцці краіны і сучасныя тэндэнцыі ў інфармацыйным полі. Перад прысутнымі выступілі начальнік упраўлення інфармацыйных камунікацый Галоўнага ўпраўлення інфармацыйна-палітычнай работы ФПБ Вольга Зуёнак і прадстаўнік кампаніі Яндэкс у Беларусі Яўген Лашкевіч.

Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням працы журналістаў падчас выбарчай кампаніі і формам іх узаемадзеяння з кандыдатамі ў дэпутаты. Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі нагадаў журналістам пра прававыя аспекты асвятлення выбараў, а ўвагу акцэнтаваў на галоўным прынцыпе, якога трэба прытрымлівацца СМІ: роўныя ўмовы павінны быць для ўсіх кандыдатаў.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда расказаў пра дзейнасць прафсаюзаў падчас выбараў у парламент. Так, 10 кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, 283 прадстаўнікі ФПБ увайшлі ў склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, 8 985 — у склад участковых камісій, ужо акрэдытаваны амаль 1 000 назіральнікаў, чакаецца, што іх колькасць дасягне 10 тысяч чалавек.

Напрыканцы форума адбылася прэс-канферэнцыя, у ходзе якой намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі і старшыня ФПБ Міхаіл Орда адказалі на шматлікія пытанні журналістаў, звязаныя як з надыходзячымі выбарамі, так і з іншымі сацыяльна значнымі тэмамі. ■

Алена НАБЕЕВА.