Плюсы — маленькі рай

Год малой родины
Аграгарадок знаходзіцца на беразе аднайменнага возера. Наўкол — маляўнічыя мясціны. Тут жывуць дасціпныя і годныя людзі, якія аддана любяць сваю маленькую радзіму.
Ганна ШЫЛІНА, настаўніца, старэйшына:

У кожнага чалавека на Зямлі павінен быць свой родны куток, дзе ён можа спакойна падумаць, памарыць, адпачыць душой і папоўніць сілы. Гэта і ёсць малая радзіма. За што я люблю свае родныя мясціны? Тут нарадзілася, вучылася, прайшло маё дзяцінства і юнацтва, сюды вярнулася працаваць. Тут жывуць мае родныя, я сустрэла сваё каханне, пабудавала ўласную сям’ю.

Акрамя гэтага, наўкол — непаўторныя пейзажы і добрыя, гасцінныя людзі, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу. Сярод жанчын шмат цудоўных майстрых, а сярод мужчын — дбайных гаспадароў і творчых асоб, напрыклад, спевакоў. Пачуеш зычны мужчынскі голас — і настрой падымаецца. Калі ў каго-небудзь радасць, то яе падзяляе ўся вёска. Плюсы — маленькі рай. Тут ўсё на месцы: пошта, бібліятэка, магазін, школа, клуб. Мясцовыя жыхары імкнуцца захоўваць традыцыі і шануюць славутыя мясціны. Хочацца, каб тут жылі нашы дзеці і ўнукі, а нашы Плюсы існавалі доўга-доўга.

Валерыя БІЗНЯ, школьніца:

— Аграгарадок Плюсы для мяне вельмі ўтульны. Мне здаецца, што ён адрозніваецца ад іншых населеных пунктаў сваёй нейкай адметнай прыгажосцю, шматлікай колькасцю дрэў і кветак. Асабліва мне даспадобы лес, дзе шмат грыбоў і ягад.

Я люблю нашу школу: нам там расказваюць пра гістарычнае мінулае вёскі і ладзяць разнастайныя мерапрыемствы. Асабліва цікава слухаць пра гісторыю Плюсаў. У аграгарадку прыгожы велічны касцёл. У двары школы ў нас знаходзіцца бюст Героя Савецкага Саюза Івана Валчкова, які падчас Вялікай Айчыннай вайны камандаваў ротай, адбіваў шматлікія нямецкія атакі і загінуў у баях за вышыню. Разам з настаўнікамі мы клапоцімся пра «Метку» — так яна называецца сярод мясцовых.

Пакуль што я вучуся ў школе, мне падабаецца займацца, ёсць шмат сяброў. Думаю, што, як бы ні склаўся мой лёс, Плюсы будуць займаць асаблівае месца ў маім сэрцы. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.