У Браслаўскім раёне пабудавалі новы цялятнік на 380 галоў

Экономика и финансы
На гэтым тыдні ў СВК «Маяк Браслаўскі» ў эксплуатацыю ўвялі новую ферму, дзе у найлепшых умовах будзе адначасова ўтрымлівацца 380 цялят.

У рэспубліцы ідзе тэндэнцыя да аднаўлення састарэлых ферм, якія былі пабудаваны 40 – 50 гадоў таму назад і сёння маюць непрывабны выгляд, патрабуюць капітальнага рамонту.

Восенню мінулага года напярэдадні абласных «Дажынак» старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў заявіў, што ў рэгіёне менш за 20 % новых і рэканструяваных малочнатаварных ферм ад агульнай колькасці задзейнічаных. І паставіў задачу: за тры бліжэйшыя гады пераўзброіць жывёлагадоўчую галіну.

Трэба адзначыць, што фінансавае становішча большасці гаспадарак не дазваляе не толькі будавацца, але і знайсці лішнюю капейку на звычайны рамонт памяшканняў. Тым не менш, там, дзе кіраўніцтва дбае пра жывёлу, робіць усё магчымае для яе камфортнага ўтрымання, там і ёсць аддача ў выглядзе малака, якое і з’яўляецца галоўным заработкам амаль любога сельгаспрадпрыемства.

Прыкладам дбайнага, руплівага гаспадара з рацыяналізатарскім мысленнем у нашым раёне, безумоўна, з’яўляецца старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель. Менавіта ў гэтай гаспадарцы на ўзроўні трымаецца як раслінаводчая галіна, так і жывёлагадоўля. Сёння тут дояць 17,9 кг малака на карову за дзень, у той час як у большасці іншых сельгаспрадпрыемстваў не атрымліваюць і 5 кг. Другі год запар кааператыў уводзіць у строй і новую ферму.

Магчыма, хтосьці паспрабуе запярэчыць, маўляў, у «Маяку» «круцяцца» грошы, таму сельгасвытворцы могуць сабе дазволіць такую раскошу. Падлічваюць жа даходы «маякоўцы» дзякуючы наладжанаму патрэбным чынам «ланцуговаму механізму» паміж кіраўніцтвам, спецыялістамі і рабочымі. Строгая дысцыпліна, штодзённы кантроль, адданая праца работнікаў сельгаспрадпрыемства на ўсіх узроўнях, а таксама граматны падыход да эканомнага выкарыстання рэсурсаў робяць сваю справу.

Роўна год таму назад у СВК «Маяк Браслаўскі» свае дзверы для маладняку БРЖ адчыніла новая ферма бяспрывязнага ўтрымання жывёлы ў Далёкіх. Развалены будынак былой МТФ гаспадарка набыла ў спадчыну пасля банкруцтва «Новай Гвардыі». Правёўшы некаторыя разлікі, галава СВК прыняў рашэнне выкарыстаць рэшткі будынка для будаўніцтва новага. Пасля капітальнага рамонту на гэтым месцы з’явілася сучасная МТФ, дзе ў поўным камфорце ўтрымліваюцца 300 галоў цялушак.

Увогуле ў «Маяку Браслаўскім» прытрымліваюцца правіла, што для таго, каб атрымліваць высокія надоі, каровы павінны быць шчаслівымі. Леанід Барткевіч, галоўны заатэхнік гаспадаркі, растлумачыў: «Жывёлу патрэбна трымаць у камфортных умовах, яе рацыён рабіць разнастайным і спажыўным, даваць ёй дастаткова адпачываць, дарыць увагу. Толькі пры такіх умовах яна аддзячыць гаспадару. А для гэтага трэба прыкладаць намаганні».

У бягучым годзе праўленне СВК вырашыла прытрымлівацца таго ж плана: са старой разбуранай фермы зноў жа на Далёкаўскай зоне пабудаваць цялятнік, каб у перспектыве закансерваваць МТФ «Купчэлі», якая, дарэчы, стаіць побач з возерам. Затраціўшы ўсяго 350 тысяч рублёў, «маякоўцы» атрымалі літаральна новую ферму. Тут поўнасцю рэканструяваны дах, будынак абліцаваны цэглай, устаўлены вокны, наладжана водаі электразабеспячэнне, гноевыдаленне, усталявана вентыляцыйная сістэма з функцыяй камп’ютарнага падтрымання мікраклімату.

Маюцца падсобныя памяшканні для захоўвання камбікармоў, а таксама пакой для адпачынку працаўнікоў. Дарэчы, з уводам у эксплуатацыю фермы тут з’явілася 7 новых працоўных месц, якія з задавальненнем занялі мясцовыя жыхары. Работнікі ж з МТФ «Купчэлі» таксама не засталіся без працы і былі ўладкаваны ў гаспадарцы.

Ферма «Друсевічы» зажыла новым жыццём. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.