Рэпартаж з урачыстага мерапрыемства да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Власть и общество
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, прайшло ў Браславе ў мінулую суботу.

Галоўнымі гасцямі свята па традыцыі былі перадавікі сельгасвытворчасці, лепшыя работнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў, ветэраны галіны. Таксама на ўрачыстасць запрасілі кіраўнікоў арганізацый раёна і іншых гасцей.

Пачалося мерапрыемства з урачыстага ўручэння старшыні райвыканкама Аляксандру Баданіну духмянага каравая з зерня ўраджаю 2019 года — сімвала працы і славы хлебаробаў раёна.

Прамова кіраўніка раёна была адрасавана віноўнікам урачыстасці — аграрыям. А. Баданін звярнуў увагу прысутных на сёлетні ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, які перавысіў мінулагодні, але і падкрэсліў недапрацоўку амаль усіх сельгаспрадпрыемстваў у мяса-малочнай галіне. Ён адзначыў, што, нягледзячы на эканамічныя складанасці, усё ж ёсць у раёне флагман, на якога трэба раўняцца. Калі адны могуць дасягнуць дастойных паказчыкаў, а іншыя — не, значыць, мае месца чалавечы фактар: недастатковая дысцыплінаванасць работнікаў, пралікі спецыялістаў і кіраўнікоў. Аляксандр Баданін папрасіў браслаўскіх хлебаробаў азірнуцца назад, зразумець, што было зроблена не так, і зрабіць неабходныя вывады, каб далей не дапускаць тых жа памылак і па магчымасці выправіць сітуацыю.

Старшыня райвыканкама пажадаў работнікам сельскагаспадарчай галіны моцы, мудрасці, цярпення і веры ў заўтрашні дзень, а затым уручыў узнагароды лепшым аграрыям раёна.

Са сцэны да віноўнікаў урачыстасці з віншавальнымі словамі звярнуліся таксама начальнік упраўлення райвыканкама па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання Мікалай Бараноўскі і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза АПК Мікалай Вялічка.

Многа ўзнагарод у гэты дзень знайшлі сваіх герояў. Працаўнікі хлебнай нівы з задавальненнем уздымаліся на сцэну, каб атрымаць з рук кіраўнікоў раёна заслужаныя граматы і падзякі, пачуць у свой адрас словы ўдзячнасці за шчырую і плённую працу.

Падарункам для прысутных на ўрачыстасці стаў вялікі канцэрт, падрыхтаваны сіламі РЦК, Відзаўскага СДК і ўстановамі адукацыі раёна. Асобнае месца ў ім было адведзена гасцям свята — заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь народнаму ансамблю народнага танца «На ростанях», выступленне якога прынесла гледачам асаблівую асалоду.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.