Равеснікі перамогі. «Хвароб было шмат, асабліва вяскоўцаў даймалі сухоты»

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі
У цяжкія пасляваенныя гады краіна, а з ёю і ўвесь савецкі народ паціху, з верай у светлую будучыню, падымаліся з каленяў. Безумоўна, гараджане адчувалі большую нястачу хлеба і харчавання, у вёсках жа, дзе людзі мелі свой невялікі агарод і кароўку-карміцельку, жыццё было больш сытным. Але гэта зусім не значыць, што адносны дастатак даваўся лёгка.

Як узгадвае сваё пасляваеннае дзяцінства Ірына Радзевіч з агр. Друя, бацькі з раніцы да позняга вечара працавалі ў калгасе, а потым яшчэ завіхаліся на ўласнай гаспадарцы. Бацька з фронту вярнуўся хворы і ўладкаваўся загадчыкам зернясклада ў мясцовым калгасе. Маці працавала там жа даяркай.

— Таму ў двух старэйшых братоў, — кажа жанчына, — а потым і ў мяне хатніх абавязкаў было нямала. Але асноўнай нашай задачай было добра вучыцца, за чым бацькі строга сачылі.

Духмяны пах свежых боханаў хлеба, печаных на кляновых лістах, І. Радзевіч памятае і сёння, а скіба з хатнім маслам ды шклянка малака былі самай смачнай ежай.

У школу даводзілася хадзіць за пяць кіламетраў у любое надвор’е. У пачатковых класах заняткі праходзілі ў другую змену, таму дадому вярталіся ўжо ў прыцемках. Тым не менш, пра тое, каб адвільваць ад урокаў, ніхто і не думаў.

Ірына рана навучылася чытаць, чаму пасадзейнічалі бацькі, бо ў хаце было нямала розных кніг. Вучоба дзяўчыне давалася лёгка, яна з цікавасцю ўнікала ў школьныя прадметы. Як і астатніх лепшых вучняў, Ірыну прынялі спачатку ў піянеры, потым у камсамол, чаго двоечнікі ў тыя гады ўдастоены не былі.

Маці купляла карычневую тканіну на сукенку, чорную і белую — на фартухі і сама шыла школьную форму. А перашываць белыя манжэты дзяўчыне хутка давялося самой.

— Класы, — расказвае І. Радзевіч, — былі вялікія і дружныя. Ніхто ні з каго не кпіў і не здзекаваўся. Была таварыская ўзаемавыручка, якой мы вучыліся ў сваіх бацькоў.

Добрыя суседскія адносіны існавалі і паміж аднавяскоўцамі, якія заўсёды дапамагалі адзін аднаму, пры неабходнасці дзяліліся малаком і маслам. Святой справай было накарміць і апрануць бяздомнага падарожніка, якіх у пасляваенныя гады было даволі многа.

У вольную ад вучобы і хатніх абавязкаў хвіліну дзеці гулялі на вуліцы ў «лапту», «класікі», «даганялкі», будавалі хаткі з лазовых пруткоў, дзяўчынкі шылі сабе лялек з тканіны.

Пасля заканчэння школы Ірына выбрала прафесійны шлях медыка і паступіла ў Полацкае медвучылішча. Часткова свой выбар дзяўчына зрабіла пад уздзеяннем людскіх пакут ад хвароб, якіх тады было шмат, асабліва вяскоўцаў даймалі сухоты. Першым працоўным месцам стала браслаўская паліклініка. І толькі калі малады спецыяліст уладкавалася на працу, установа адукацыі аддала дыплом. Такія былі парадкі.

Падчас работы ў падшэфным калгасе імя Кірава дзяўчына пазнаёмілася з маладым аграномам. Іскрынка кахання, якая загарэлася ў маладых сэрцах, у хуткім часе перарасла ў цёплае, надзейнае сямейнае вогнішча. Спачатку маладыя жылі ў Цяцерках, дзе Ірына ўладкавалася ў мясцовай бальніцы зубным урачом. Нарадзіліся дзве дачушкі. Затым мужа перавялі ў іншы калгас, а ў 1987 годзе ён узначаліў саўгас «Друйскі». У цэнтры сельгаспрадпрыемства сям’я, як кажуць у народзе, трывала пусціла свае карані.

— Пасада ў мужа была адказная і клопатная, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўніца, — і да мяне людзі прыходзілі па дапамагу з зубным болем, таму на рабоце абодвум даводзілася выкладвацца поўнасцю.

Аднак у хаце спагадлівая гаспадыня штодзень сваім клопатам стварала аазіс дабрыні і спакою, дзе дамачадцы адпачывалі душой. Дачушкі радавалі бацькоў сваімі поспехамі ў вучобе. Абедзве скончылі сярэднюю школу з залатым медалём, атрымалі вышэйшую адукацыю, стварылі ўласныя сем’і.

Цяпер жанчына займаецца агародам, вяжа для родных цёплыя рэчы, многа чытае, ніколі не адмаўляецца дапамагчы суседзям. І, канешне, заўсёды з нецярпеннем чакае ў госці любых унукаў, якія радуюць бабулю сваімі поспехамі.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.