Браслаўчанін падзяліўся ўражаннямі ад службы ў палку сувязі

Власть и общество
Адна з самых значных падзей у жыцці юнака — тэрміновая служба ў арміі. Безумоўна, гэты перыяд даволі складаны, але, як сцвярджаюць самі ваеннаслужачыя, вельмі карысны для загартавання характару і фізічнага стану.

Трывала ў гэтым упэўнены і Аляксандр Апячонак з Плюс, які цяпер праходзіць тэрміновую ваенную службу ў 56-м асобным палку сувязі.

Свой армейскі шлях хлопец пачаў з падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры прапаршчыкаў і маладых спецыялістаў у Пячах. Праз шэсць месяцаў ён атрымаў спецыяльнасць старшага механіка радыёрэлейнай станцыі і быў накіраваны на асноўнае месца службы.

— Мой абавязак, — кажа А. Апячонак, — сачыць за спраўнасцю тэхнікі сувязі, станам сістэм і плат, разгортваць антэны. Усё павінна працаваць як гадзіннік, бо без сувязі няма кіравання, а без кіравання няма перамогі.

У дні баявой падрыхтоўкі жыццё ваенных сувязістаў насычанае. Аляксандру і яго саслужыўцам даводзіцца неаднаразова пераадольваць шматкіламетровы аўтамабільны марш-кідок, аператыўна разгорваць і маскіраваць тэхніку, пракладваць кабелі.

Удзельнічаў браслаўчанін і ў сумесным аператыўным вучэнні Беларусі і Расіі.

— Да месца назначэння, — расказвае ваеннаслужачы, — дабіраліся па чыгунцы амаль тыдзень. У пустыні разгарнулі свае пазіцыі, наладзілі сувязь, устанавілі палаткі. Выконваць ваенную задачу было даволі складана, бо днём стаяла моцная спёка. Таму працаваць пачыналі раніцай. У сярэднім за дзень пракладвалі каля пяці кіламетраў палявога кабелю. Былі і нечаканасці. Напрыклад, аднойчы прачнуўся ў палатцы, а недалёка ад мяне — павучок памерам у дзесяць сантыметраў. Было крыху жудасна.

Па словах хлопца, жыццё салдата даволі цікавае і насычанае: раз’езды па палігонах, палявыя выхады або вучэнні, заняткі баявой падрыхтоўкай. Аляксандр упэўнены, што юнакам неабходна служыць у арміі, бо там фарміруецца характар і мужнасць, чаго часам так не хапае сучаснай моладзі.

Хутка Аляксандр завершыць сваю службу і плануе прадоўжыць працаваць аператарам ПВМ.

— Чуў пра льготы пасля службы ў арміі, — адзначыў субяседнік, — але пакуль не цікавіўся імі. Упэўнены, што яны спатрэбяцца. Трэба выкарыстоўваць выгоды, якія прадастаўляе нам дзяржава. Тым больш, калі ты іх заслужыў. ■

Падрыхтавала Алена ПЯТУШКА.