Браслаўчане сталі лаўрэатамі навукова-практычнай канферэнцыі «Эўрыка» ў Віцебску

Власть и общество
На пачатку лістапада на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава прайшла Х навукова-практычная канферэнцыя «Эўрыка», на якой былі падведзены вынікі конкурсу работ даследчага характару вучняў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці.

На маштабным мерапрыемстве сабралася больш за 450 вучняў і іх навуковых кіраўнікоў, што ў мінулым навучальным годзе займаліся даследчымі работамі. Удзельнікі канферэнцыі працавалі ў 17 секцыях згодна з абранымі навуковымі дысцыплінамі, дзе праходзіла абарона і абмеркаванне работ.

Як адзначыла загадчык навукова-метадычнага кабінета аддзела райвыканкама па адукацыі Святлана Кук’ян, юныя браслаўскія даследчыкі таксама скарысталіся магчымасцю паказаць свой узровень ведаў, добра праявілі сябе і заваявалі два дыпломы ІІІ ступені: у секцыі «Геаграфія» ўзнагароджаны Дар’я Кужэль і Ксенія Стэфанская з Дрысвяцкай базавай школы (навуковы кіраўнік — Ванда Ігнацьева), а ў секцыі «Беларуская літаратура» — Арына Арэх, вучаніца першай гарадской школы (кіраўнік — Жанна Бялько).

Дарэчы, навучэнцы, якія паказалі лепшыя вынікі, увойдуць у склад абласной каманды, што будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота: «Віцьбічы».