Што гавораць мужчыны пра цешчу, калі яе няма побач

Отдых
Кожную чацвёртую нядзелю кастрычніка адзначаецца незвычайнае свята — Міжнародны дзень цешчы, так што ў зяцёў ёсць магчымасць выказаць удзячнасць матулям сваіх жонак. Пры ўмове, калі паміж імі добразычлівыя адносіны, а не варожасць, як у папулярных анекдотах. У апытаных намі браслаўчан дакладна такой праблемы няма.

Дзяніс ВАСІЛЕЎСКІ:

— Жанаты ўжо 9 гадоў, і першыя чатыры з жонкай жылі разам з цешчай Аленай Каржанеўскай. Ніколі не адчуваў сябе чужым у яе кватэры. Зранку ўсе дружна збіраліся на працу, вечарам дзяліліся ўражаннямі. Яе мудрыя парады дапамагалі пазбегнуць розных негатыўных выпадкаў. Яна тактоўна вучыла, як разам перажыць складанасці сямейнага жыцця, за што ёй вельмі ўдзячны. Цешча — адкрытая, добрая і спагадлівая жанчына. Цяпер у нас уласнае жыллё, але з Аленай Рыгораўнай падтрымліваем цесныя сувязі. Ходзім адзін да аднаго ў госці, збіраемся на святы. Пасля нараджэння нашай дачкі цешча стала надзейным памочнікам у яе выхаванні. Мы заўсёды спакойныя, калі побач з дачушкай ласкавая бабуля. Да яе можна звярнуцца з любым пытаннем, і ведаю, што ўсе яны будуць па-сямейнаму вырашаны. А галоўнае, Алена Рыгораўна выгадавала для мене добрую і гаспадарлівую жонку. Хочацца павіншаваць цешчу са святам. Няхай яна заўсёды будзе такой жа цудоўнай, як цяпер.


Яўгеній НАБЕЕЎ:

— Як і належыць, са сваёй будучай цешчай пазнаёміўся яшчэ да вяселля. І ўжо тады адзначыў, што Дзіяна Васільеўна Спірыдонава мудрая, інтэлігентная і спагадлівая. Наша сям’я існуе 10 гадоў, і ўвесь гэты час з цешчай жывём душа ў душу. Ніякіх канфліктаў у нас ніколі не ўзнікала. Яна не ўмешваецца ў нашы з жонкай адносіны: гаворыць, каб самі разбіраліся. А калі выкажа параду, то заўсёды робіць гэта тактоўна. Мяне заўсёды здзіўляе, як цешча ўсё паспявае: і з роднымі пабыць, і па гаспадарцы ўправіцца, і па доме ўсе справы зрабіць, і на мерапрыемствах пабываць. Дзіяна Васільеўна — гасцінная і прыветлівая гаспадыня. Умее гатаваць розныя смачныя стравы і прысмакі. Гэтаму яна з дзяцінства навучыла і маю жонку. Шмат робіць хатніх нарыхтовак з уласнай садавіны і агародніны. І, безумоўна, гэтым дзеліцца са сваімі дзецьмі. У яе хаце з радасцю збіраюцца разам усе родныя, блізкія і сяброўкі. Як педагог, яна з веданнем справы падыходзіць да выхавання сваіх унукаў, якія з радасцю наведваюць любімую бабулю. Ва ўласным доме заўсёды хапае работы, таму мы пры неабходнасці прыязджаем, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы. Вось так і жывём: па-свойску дружна, з клопатам адзін пра аднаго.


Іван СІДАРАЎ:

— Мая цешча Іна Мікалаеўна Памялава для мяне і другая маці, і сябар, і настаўнік. Яна актыўная, пазітыўная і надзейная. З ёй магу адкрыта пагаварыць і параіцца. Амаль восем гадоў жанаты з яе дачкой, і ўвесь гэты час цешча словам і справай дапамагае нашай сям’і. Калі і павучыць чаму-небудзь, то робіць гэта мудра і па-добраму. А яшчэ цешча — любячая бабуля нашых трох дзетак. Калі яна прыходзіць да нас, старэйшыя ўнукі з радасным воклічам яе сустракаюць, бо ведаюць, што абавязкова будуць падарункі і гасцінцы. Пры неабходнасці адпусціць нас правесці час з сябрамі. Сваю цешчу вельмі паважаю. Мы заўсёды знаходзім паразуменне. Хачу пажадаць ёй здароўя і нязгаснай энергіі.


Міхаіл СТРАЛЬЧОНАК:

— Мая цешча Ганна Латышонак — вельмі цудоўны чалавек, з жыццёвай мудрасцю. Жыве яна недалёка, у Шаркаўшчыне, але бачымся разы два ў месяц, бо па службе даводзіцца працаваць і ў выхадныя. Затое калі прыязджаем да яе — гэта сапраўдная радасць сустрэчы. Зразумела, з асаблівым нецярпеннем цешча чакае свайго маленькага ўнука, каб пабавіцца з ім. Да нашага прыезду Ганна Антонаўна заўсёды нагатуе шмат смачных страў. За сталом уважліва і з цікавасцю слухае пра нашы справы, шчыра радуецца поспехам. Паколькі ў нас не ўзнікае ніякіх канфліктаў, то і цешчы не даводзіцца ўмешвацца з жыццёвымі парадамі, а вось сваім клопатам яна вельмі падтрымлівае. На развітанне абавязкова загрузіць поўны багажнік дамашніх нарыхтовак са свайго агарода, за што ёй вельмі ўдзячны. Хачу пажадаць цешчы спакою на душы, здароўя і радасці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.