На Браслаўшчыне набліжаецца да завяршэння ўборка кукурузы

Деньги
Да завяршэння сезону палявых работ у гаспадарках раёна застаецца няшмат часу. Цяпер на парадку дня перад хлебаробамі стаяць дзве асноўныя задачы: завяршыць уборку кукурузы і як мага больш узняць глебы пад зябліва.

Паколькі ў час зялёнага жніва ў сельгаспрадпрыемствах не набралі неабходнай колькасці травяністых кармоў, цяпер там імкнуцца максімальна запоўніць траншэі кукурузным сіласам. Сёлета гэтай культурай было засеяна 2 663 гектары, з іх 126 — на зерне. Два апошнія тыдні ўсе сілы і сродкі былі накіраваны менавіта на кукурузныя палеткі. Каля 90 % пасеяных плошчаў ужо зжаты.

На сілас закладзена 25 729 тон сакавітага корму. Найбольшыя запасы яго ў «Маяку» — 5 941 т, «Слабодцы-агра» — 4 352 т і «Агравідзах» — 4 247 т. На жаль, у гэтым годзе высокай ураджайнасцю кукурузы не можа парадаваць ніводная з гаспадарак раёна. Найбольшая яна ў «Агравідзах» — 261 ц/га, ад 206 да 210 сабралі ў «Мяжанах», «Маяку Браслаўскім», «Урбанах» і «Друйскім». А вось у «Бярозавым краі», «Браслаўскім» і аграсэрвісе нават ніжэйшая за 100 ц/га.

СВК «Маяк Браслаўскі» і ААТ «Бярозавы край» убіраюць кукурузу на зерне. Прычым мінулагодні эксперымент з культурай у «Маяку» даў станоўчы вынік, таму ў гэтым годзе было вырашана засеяць у два разы больш плошчаў, чым летась. На 22 кастрычніка дзень маякоўцы абмалацілі 89 га каралевы палёў. На землях «Бярозавага краю» кукурузнае зерне ўбіраюць упершыню, магчыма, таму і плошчаў там нямнога і ўраджайнасць меншая.

На 21 кастрычніка з улікам закладзенага сіласу ў раёне ў сярэднім нарыхтавана 30 984 тоны кармавых адзінак, або па 19,59 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 2,98 ц к. адз. менш, чым летась. Прычым з усіх гаспадарак раёна толькі маякоўцы спрацавалі ў гэтым плане з плюсам, астатнія адстаюць ад мінулагодніх паказчыкаў. ■

Тэкст і фота Вольгі ПАТАПОВІЧ.