Каля 100 экзэмпляраў закладак прадстаўлены на экспазіцыі ў Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы

Отдых
Кніжныя закладкі доўга жывуць паміж старонак літаратурных выданняў. Яны з’явіліся яшчэ ў ХІІІ ст. і вырабляліся са скуры і велюру, пазней — з тканіны і тоўстай паперы. Якіх толькі закладак не было — шаўковыя, вышываныя, з рознай сімволікай і відамі, партрэтамі каралёў!

Сучасныя закладкі таксама ўражваюць разнастайнасцю і спосабамі выканання. Іх ствараюць і ў адзіным варыянце, і наборам. Матэрыялы, з якіх вырабляюць закладкі сёння, здзіўляюць сваёй арыгінальнасцю (выкарыстоўваюць нават нержавеючую сталь).

У рамках праекта «ВыставаOk: вельмі крэатыўна» ў цэнтральнай бібліятэцы адкрылася экспазіцыя закладак. На ёй прадстаўлены каля 100 экзэмпляраў спадарожнікаў кніг. Гэта закладкі з паперы, кардону, тканіны, нітак, сінтэтычных матэрыялаў, бісеру, металу. Ёсць зробленая з дзвюх пар навушнікаў для мабільнага тэлефона.

Як адзначыла дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская, усе гэтыя вырабы падрыхтавалі чытачы вясковых бібліятэк і ўдзельнікі бібліятэчных клубаў па інтарэсах. На працягу года праходзілі майстар-класы для дзяцей і дарослых па вырабе кніжных закладак. Самыя цікавыя і крэатыўныя з іх «прыехалі» ў Браслаў з Відзаўскай, Іказненскай і Ахрэмаўскай бібліятэк. Строгасцю і стыльнасцю выдзяляюцца закладкі, прадстаўленыя супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі.

На выставе, якая будзе працаваць да канца кастрычніка, таксама можна пазнаёміцца з гісторыяй стварэння кніжных закладак. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.