Больш за 30 гадоў без выхадных. Гісторыя даяркі, якая душой хварэе за справу

Люди
Героі многіх нашых публікацый — простыя людзі, якія, тым не менш, сваім асаблівым стаўленнем да працы, актыўнай жыццёвай пазіцыяй выдзяляюцца з агульнай масы. Набываюць аўтарытэт у грамадстве, атрымліваюць узнагароды, але пры гэтым застаюцца сціплымі і самадастатковымі. Менавіта такой аказалася Галіна Рудак — даярка малочнатаварнай фермы «Новая вёска» ААТ «Агравідзы».

Больш за 30 гадоў Г. Рудак без выхадных, па тры разы на дзень выконвае складаную, але такую патрэбную працу. Неаднаразова сустракалася з ёй на раённым свяце — Дні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, дзе жанчына атрымлівала ўзнагароды за свае дасягненні. Даводзілася бываць мне і на яе працоўным месцы, чуць словы падзякі ад загадчыцы фермы ці галоўнага заатэхніка сельгаспрадпрыемства ў адрас гэтай руплівай жанчыны. А нядаўна новыя, але, як і даўней, станоўчыя водгукі ад калег і землякоў Галіны Рудак заахвоцілі мяне сустрэцца з ёй і распытаць, у чым жа сакрэт паспяховасці.

Размова адбылася не на працоўным месцы, а ля яе дома. Гэта быў пагодлівы восеньскі дзень. Позірк не мог не прыкмеціць вакол хаты кветкі — у вазонах і на клумбах. На ганку стаяў таз з памідорамі і пустыя слоікі, ля якіх завіхалася гаспадыня: паміж ранішняй і абедняй дойкай Галіна ўпарадкоўвала хатнія справы.

— На ферму вельмі рана выходжу з хаты, а ўвечары вяртаюся ўжо з цёмным, таму ўсю работу па доме раблю ў перапынках паміж дойкамі, — кажа жанчына. — Надта дзякую лёсу за тое, што ферма знаходзіцца блізка, дзесьці за два кіламетры ад дома, таму на веласіпед ускочу — і пакаціла сваіх каровак абходжваць. Падчас першага перапынку стараюся ў хаце падабрацца, абед зварыць, на другім — у магазін заскочыць, вячэру прыгатаваць, на ўчастку папрацаваць. За справамі час бяжыць хутка. Не паспееш азірнуцца, як зноў на ферму ехаць. Так усё жыццё і кручуся як вавёрка ў коле, — усміхаецца мая суразмоўніца.

Г. Рудак — чалавек, цалкам адданы сельскай гаспадарцы, і душой хварэе за справу. Яна не баіцца складанасцей, выконвае любую работу толькі выдатна, калі патрэбна, ахвяруе сваім асабістым часам дзеля станоўчых вынікаў на вытворчасці. Напэўна, такая пазіцыя і дапамагае жанчыне ў любой сітуацыі заставацца ў перадавіках. Хоць гэта не з’яўляецца яе мэтай: проста інакш працаваць не прывыкла.

Прафесія ёй дасталася ў спадчыну ад мамы. З малых гадоў Галіна бывала ў яе на ферме, а калі падрасла, то стала дапамагаць. Работу ведала дасканала і з маленства разумела яе значнасць. Таму без асаблівых роздумаў і ваганняў абрала тую ж прафесію, што і ў маці.

Ужо шмат гадоў на МТФ Галіне даручаюць самую адказную і складаную работу — наладжваць працэс даення маладых кароў або тых, якія толькі нядаўна ацяліліся. Колькасць жывёлы ў групе раздою пастаянна мяняецца: прыкладна ад 40 да 65. І да кожнай з кароў абавязкова трэба знайсці падыход, бо працэс раздою часта суправаджаецца для жывёл жахам ці болем. Таму яны неспакойныя, паказваюць свой нораў, абараняюцца. Могуць нават ударыць.

— Каровы вельмі разумныя, як і ўсе жывёлы, яны адчуваюць дабрыню і пяшчоту, — лічыць Галіна Пятроўна. — У кожнай свой характар. Калі знойдзеш падыход, атрымаеш аддачу малаком. Вядома, надоі залежаць ад шматлікіх фактараў — здароўя пагалоўя, кармоў, умоў утрымання, але немалаважным з’яўляюцца і адносіны даяркі да жывёлы. Складана, — усхвалявана працягвае жанчына. — Але дзе лёгка? Асабліва ў сельскай гаспадарцы: куды ні кінь, паўсюль фізічная цяжкая работа! А я чалавек вясковы, люблю зямлю і працу на ёй таксама люблю. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.