У Браслаўскім раёне ўзнагародзілі лепшых педагогаў

Новости
Напярэдадні прафесійнага свята прадстаўнікі вялікай педагагічнай сям’і Браслаўшчыны сабраліся ў РЦК, дзе прайшла ўрачыстая цырымонія «Прызнанне – 2019».

З цёплымі і шчырымі словамі віншавання да ўсіх прысутных звярнулася намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вольга Вялічка. Яна адзначыла, што праца педагога патрабуе не толькі якаснай перадачы ведаў, але і вялікага цярпення, душэўнай цеплыні, увагі і любові да вучняў. Сёння настаўнік павінен быць не толькі прафесійна граматным, валодаць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і эфектыўнымі методыкамі навучання, але і ўсведамляць патрабаванні грамадства да якасці навучання. Менавіта ад педагогаў, заўважыла В. Вялічка, у многім залежыць, якімі вырастуць нашы дзеці, як складзецца іх лёс, якой будзе іх будучыня. Важна, каб настаўнік навучыў дзяцей разважаць, прымаць рашэнні, несці адказнасць за свае ўчынкі, ставіць правільныя мэты і рабіць усё для таго, каб іх дасягнуць, падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама.

Не прамінула прамоўца выказаць сардэчную ўдзячнасць ветэранам педагагічнай нівы, якія ўнеслі значны ўклад у справу выхавання і навучання не аднаго пакалення браслаўчан.

За высокія дасягненні сёлета лепшым педагогам Вольга Вялічка ўручыла ганаровыя граматы і падзякі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Прыемна адзначыць, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь высока ацаніла плённую працу намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Алы Ганчаровай і адзначыла яе дзейнасць нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі».

Ганаровыя граматы аддзела райвыканкама па адукацыі, а таксама кветкі, словы віншавання і ўдзячнасці ад начальніка аддзела Івана Абаровіча атрымалі 20 педагогаў.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч адзначыла ганаровымі граматамі і падзякамі раённага і абласнога камітэтаў прафесіянальнага саюза самых актыўных прафсаюзных лідараў.

Не засталіся без увагі, віншаванняў, памятных падарункаў і педагогі, якія сёлета выйшлі на заслужаны адпачынак. Вядучыя ўзгадалі асноўныя вехі працоўнай біяграфіі, дасягненні і ўзнагароды кожнага з іх. Віншаванні і ўзнагароджанні перамяжоўваліся цудоўнымі музычнымі нумарамі таленавітых вучняў школ раёна. Завяршыла святочную праграму выступленне калектыву Глыбоцкага раённага цэнтра культуры. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.