Стала вядома, хто стаў кандыдатам у новы састаў Савета Рэспублікі ад Браслаўскага раёна

Выборы 2019 Главное
На сумесным пасяджэнні прэзідыума Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў і Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання вылучаны Уладзімір Матвееў.

Як зазначыла старшыня райсавета Ніна Пучынская, згодна з заканадаўствам кандыдатам у члены гэтай палаты беларускага парламента можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30-гадовага ўзросту і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці або горада Мінска не менш за пяць гадоў. Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць мясцовым Саветам дэпутатаў і выканаўчым органам.

Кандыдатуру У. Матвеева, які, дарэчы, цяпер займае пасаду генеральнага дырэктара КПРБУП «Віцебскаблдарбуд», прапанаваў намеснік старшыні райвыканкама Георгій Бушуноў. Падтрымаў яго і галоўны інжынер мясцовага філіяла ДРБУ-142 Віктар Жалубоўскі. Пры гэтым было адзначана, што Уладзімір Матвееў, да таго ж дэпутат абласнога Савета, — яркі прыклад гаспадарніка з вялікім вопытам работы ў вытворчасці і грамадскай дзейнасці. На адметных арганізатарскіх і кіраўнічых здольнасцях кандыдата ў члены Савета Рэспублікі завастрыў увагу прысутных і намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, які таксама прыняў удзел у пасяджэннні.

Пасля дэталёвага абмеркавання прапанаванай кандыдатуры члены прэзідыума і райвыканкама аднагалосна прагаласавалі за вылучэнне Уладзіміра Матвеева.

Сам ён падзякаваў браслаўчанам за аказаны давер і выказаў намер, працуючы на высокім пасту, працягваць развіваць дарожную галіну і яе тэхнічнае забеспячэнне, удзяляць увагу не толькі рэспубліканскім транспартным артэрыям, а і мясцовым.

Згодна з Указам Прэзідэнта, выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць 7 лістапада. Галасаваць за кандыдатаў у яго члены змогуць дэпутаты Саветаў базавага ўзроўню вобласці.

Біяграфічная даведка:

Уладзімір Сямёнавіч Матвееў нарадзіўся ў 1964 годзе ў Полацку. Скончыў Наваполацкі палітэхнічны інстытут па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Прайшоў працоўны шлях ад рабочага і брыгадзіра да кіраўніка буйнога прадпрыемства абласнога падпарадкавання. Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», з’яўляецца дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання.

Жыве ў г. Віцебску, беспартыйны.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.