Настаўнік — прафесія, прызванне і справа ўсяго жыцця

Новости
«Ты памятаеш, было мора кветак і гукаў. І з ласкавых мацярынскіх рук настаўнік узяў тваю руку…» Чатыры гады ён з пяшчотай і цярпеннем вучыць сваіх маленькіх школьнікаў азам навукі і культуры, сее зерне ведаў, дабрыні і спагадлівасці. А потым усё пачынаецца зноў. Такая доля настаўніка пачатковых класаў. І, безумоўна, прызванне. Гэтай высакароднай справе прысвяціла сваю прафесійную дзейнасць і настаўніца першай гарадской школы Наталля Іванчык.

Праца педагога пачатковых класаў складаная, клапатлівая і адказная, бо менавіта яму, як адзначае Н. Іванчык, дадзена важнае права раскрыць перад маленькім чалавекам першыя старонкі вялікай кнігі жыцця. І ад таго, як ён гэта зробіць, залежыць, якім малыя ўбачаць навакольны свет.

Таму педагог прыкладае шмат намаганняў, каб яе вучні ўпэўнена, з задавальненнем і адкрытым сэрцам ступілі ў цікавую краіну Ведаў. З самых першых дзён Наталля Валянцінаўна цярпліва вучыць маленькіх гарэз самым элементарным рэчам: сядзець за партай, падымаць руку, правільна адказваць, чытаць, пісаць і лічыць.

— Вельмі важна даць дзецям не толькі веды і навыкі, — кажа Н. Іванчык, — але і сфарміраваць у іх унутраны стрыжань, навучыць слухаць і чуць іншых, будаваць адносіны з равеснікамі, гадаваць у маленькіх сардэчках дабрыню і спагадлівасць.

Так паступова і планамерна, па крупінках з году ў год педагог прывівае школьнікам неабходныя ў жыцці якасці.

Зразумела, для гэтага патрэбна значная і грунтоўная падрыхтоўка, на якую Наталля Валянцінаўна не шкадуе свайго часу. Яе ўрокі заўсёды цікавыя і эмацыянальныя, насычаныя ілюстратыўным і дыдактычным матэрыялам, гульнявымі момантамі, прэзентацыямі.

Неаднойчы яе навучэнцы станавіліся прызёрамі раённых прадметных алімпіяд. Так, у мінулым навучальным годзе яны папоўнілі сваю скарбонку перамог дыпломамі І і ІІ ступені па рускай мове і дыпломам ІІ ступені па матэматыцы. Далучае настаўніца вучняў і да дыстанцыйных міжнародных прадметных алімпіяд.

Кожны вучань здольны і таленавіты, адзначае Н. Іванчык, але, каб развіць гэтыя якасці, трэба дзяцей любіць, разумець і раскрываць. А ў гэтым лепш за ўсё дапамагаюць сумесныя пазакласныя мерапрыемствы і карысныя справы, якіх шмат у выхаваўчай рабоце настаўніцы. Удзел у разнастайных конкурсах, акцыях і гульнях, прадметныя тыдні, даследчая дзейнасць, разважанні на сур’ёзныя тэмы, экскурсіі — усё гэта спрыяе гарманічнаму развіццю маленькай асобы.

Значную ролю ў сваёй рабоце педагог надае і ўзаемаадносінам з бацькамі, бо добра разумее, што сувязь «сям’я — школа» — трывалая аснова для дасягнення найлепшых вынікаў у навучанні і выхаванні дзяцей.

Акрамя гэтага, Н. Іванчык не стаіць у баку ад агульнашкольнага працэсу. Яна ўдзельнік конкурсу сярод устаноў адукацыі Беларусі па папулярызацыі адказных адносінаў да бытавых адходаў «Героем быць лёгка!», у рамках якога тэматычны відэакліп увайшоў у ТОП-30 лепшых конкурсных кліпаў пра карысць раздзельнага збору адходаў.

Каманда навучэнцаў школы, кіраўніком якой была Н. Іванчык, адзначана дыпломам І ступені за мюзікл у абласным злёце юных ратавальнікаў-пажарных. Таксама яна падрыхтавала каманду для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу лідараў «СуперТройка» сярод членаў ГА БРПА. У выніку — дыплом ІІІ ступені.

— Сістэматычнае павышэнне кваліфікацыі, — рэзюмуе намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Таццяна Літвінка, — удзел у рабоце метадычных школьных і раённых фарміраванняў садзейнічаюць росту прафесійнага майстэрства Наталлі Валянцінаўны. Яна ахвотна дзеліцца сваімі знаходкамі, напрацоўкамі з калегамі. Як чалавек творчы, ініцыятыўны, энергічны і мабільны, яна увесь час знаходзіцца ў пошуку, ніколі не прыпыняецца на дасягнутым. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.