Як браслаўчане ацэньваюць сваю раёнку? Мы вырашылі спытаць у іх саміх

Власть и общество
У пачатку кастрычніка раённая газета «Браслаўская звязда» адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Так, менавіта ў кастрычніку 1939 года свет убачыў першы нумар тагачаснай «Звязды». І вось ужо восем дзесяцігоддзяў выданнне побач са сваім чытачом. Цяпер у рэдакцыі працуюць 14 чалавек, якія задавольваюць патрэбы жыхароў раёна ў інфармацыі, дапамагаюць у вырашэнні вострых надзённых праблем. Як браслаўчане ацэньваюць сваю раёнку, мы вырашылі спытаць у іх саміх.
Рамуальда НЕСЦЯРОНАК:

— Адразу скажу: выпісваем, чытаем, любім. Я працавала на малаказаводзе, у цяперашнім цэху па вытворчасці сыру, крыху, праўда, дапамагаю і сёння, таму заўсёды цікава даведацца пра сваіх і бачыць на старонках газеты знаёмыя твары. Люблю пачытаць, што адбылося ў краіне і раёне: навіны ў вас рознабаковыя. А ўвогуле пенсіянеру цікава ўсё. Ведаеце, я сама з Пастаўскага раёна: прыехала ў Браслаў у 80-м годзе, але вельмі хутка ён стаў для мяне і маёй сям’і родным. Захапляюся сваім горадам, сачу за яго развіццём з раёнкі. Усё чыталі пра «Дажынкі», як ішлі работы, а Браслаўшчына змянялася на вачах. Мае блізкія і госці называюць наш край маленькай Швейцарыяй. Паўтаруся, мне цікава ўсё, нават рэцэпты і конкурсы. Да гэтага часу захоўваю газету, дзе на фота ёсць унучка. Гаварыць можна многа… Пажадаю рэдакцыі поспехаў у рабоце, шмат прыемных навін. Дзякуй, што вы ёсць.


Яўгеній ШОКЕЛЬ:

— Для мяне як інспектара па кадрах Браслаўскага РАУС раённая газета — незаменны памочнік у пошуку кандыдатаў на работу, службу і паступленне ў ведамасныя вучэбныя ўстановы. Адзначу, што артыкулы ў раёнцы — адзін з самых прадукцыйных спосабаў камплектавання. Акрамя таго, з дапамогай цеснага супрацоўніцтва з газетай мы, праваахоўнікі, своечасова асвятляем усе значныя падзеі, што адбываюцца ў аддзеле ўнутраных спраў, даводзім да браслаўчан інфармацыю пра змены ў заканадаўстве, а гэта — важны аргумент у пытаннях прафілактыкі супрацьпраўных паводзін грамадзян. Раёнка заўсёды гатова прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі. На маю думку, з усіх даступных газет менавіта для браслаўчан самай цікавай і пазнавальнай абавязана быць і, я ўпэўнены, з’яўляецца раённае выданне. Я і мая сям’я — актыўныя яго чытачы. Самыя актуальныя навіны, аб’явы, рэкламкі — у раёнцы. Трэба купіць, прадаць, знайсці майстроў — чытай газету. А вось праграму перадач варта замяніць матэрыяламі. Добра, што ў вас ёсць свой сайт. Аднак нават цяпер, у век інфармацыйных тэхналогій, прыемна і зручна трымаць у руках свежы нумар «Браслаўскай звязды».


Вольга УСАВА:

— Знаёма з газетай з дзяцінства, чытаем яе ўсёй сям’- ёй. Бывае, што не можам падзяліць, хто першым будзе гартаць свежыя старонкі. Асабліва чакаем, калі ведаем, што ў нумары павінен быць артыкул пра каго-небудзь знаёмага. Люблю чытаць пра мерапрыемствы і канцэрты РЦК, бо працую тут, толькі вось апошнім часам такіх навін малавата. Пабольш пішыце пра дзейнасць культработнікаў і моладзь. У «Браслаўскай звяздзе» амаль заўсёды ўдалыя фотаздымкі, ёмістыя фотасправаздачы з вялікіх мерапрыемстваў ці значных падзей, напрыклад, Viva Braslav ці «Браслаўскіх зарніц», «Дажынак» і г. д. Вы асвятляеце самыя розныя пытанні. Падабаюцца конкурсы. Дарэчы, была ў пераможцах са сваім катом у адным з такіх. Удзячна газеце за любыя ініцыятывы. Мы ж, чытачы, жадаем вам цікавых людзей, рэпартажаў, творчых поспехаў. Каб работа вашага прафесіянальнага калектыву была запатрабавана і адзначалася на самым высокім узроўні.


Юрый АФАНАСЕНКА:

— Чытаем «Браслаўскую» рэгулярна. Безумоўна, яна нам падабаецца: і любім сваю газету, і паважаем. Лічу, што кожны свядомы браслаўчанін абавязкова павінен выпісваць раённае выданне. Як жа інакш?! Рубрыкі ў вас усе цікавыя, аднак маю ўвагу найперш прывабліваюць артыкулы пра людзей працы, верных і адданых на працягу ўсяго жыцця абранай прафесіі. Гэта на самай справе цікава, ды і самім браслаўчанам прыемна. Таксама ў раёнцы заўсёды знойдзеш адлюстраванне асноўных падзей. Жадаю вам аб’ектыўнасці, бо на тое ж і газета, каб данесці праўдзівыя навіны. Ведаю, што да вас звяртаюцца людзі з праблемамі, і журналісты рэагуюць, імкнуцца дапамагчы чытачам. Трымайце гэтую сувязь і далей. Вельмі добра, калі выязджаеце за межы горада і падтрымліваеце дух вяскоўцаў. Аб’явы самыя актуальныя, віншаванні — можна даведацца літаральна пра ўсё. Толькі, лічу, праграма перадач у наш час не вельмі і патрэбна, лепш на гэтым месцы былі б артыкулы цікавыя. Прызнаюся, што апошнім часам газета мне больш даспадобы. Таму пажадаю трымаць марку, поспехаў, працвітання, павагі чытачоў і іх падтрымкі. Мы будзем працаваць, вы — пісаць пра нас. Словам, заставайцеся нашым маяком.


Ірына ЕПІМАХІНА:

— Кажуць, што маладыя газетамі цяпер не цікавяцца. Няпраўда. «Браслаўскую звязду» я, напрыклад, люблю і чытаю. Даведалася пра раённае выданне яшчэ ў малых гадоў, бо яго заўсёды выпісвалі мае бацькі. У больш свядомым узросце і сама стала яго прыхільніцай. Памятаю газету яшчэ чорна-белай, а цяпер яна амаль цалкам каляровая, што, безумоўна, больш прыемна воку, гэта вялікі плюс для фотаздымкаў. На старонках шмат чаго цікавага, хапае і карыснай інфармацыі. Мне асабіста ўсё падабаецца. Можна даведацца, што адбываецца ў горадзе і раёне. На нейкія мерапрыемствы не трапіў — калі ласка, у газеце ўсе падрабязнасці. Люблю артыкулы пра моладзь, спорт, турызм. На мой погляд, інфармацыі хапае на любы густ і ўзрост. А калектыву рэдакцыі пажадаю далейшага развіцця, цікавых артыкулаў, пашырэння аўдыторыі. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.