Сучасныя станкі, лазер і нават 3D-прынтар. Як у браслаўскай СШ №2 абнавілі вучэбную майстэрню

Власть и общество

На фота: Эдвард Юргевіч і Аляксандр Сіпко рыхтуюцца на новым абсталяванні да прадметнай алімпіяды.

Поспех заняткаў працоўнага навучання ў многім залежыць ад матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння кабінета. Гэта і зразумела, бо школьнікам больш цікава працаваць з сучасным інструментам і абсталяваннем.

У гэтым выпадку вучням другой гарадской школы значна пашанцавала. Пасля капітальнага рамонту ўстановы адукацыі вучэбная майстэрня мае два функцыянальныя памяшканні. Як расказаў настаўнік тэхнічнай працы Аляксандр Сіпко, у першым створана камбінаваная майстэрня для апрацоўкі драўніны і металу. Пятнаццаць рабочых месц абсталяваны ўсімі неабходнымі новымі наборамі інструментаў, устаноўлены два такарныя станкі па дрэве, таксама свідравальны і фугавальна-круглапільны, ёсць камбінаваны варштат і электрафіцыраваны інструмент.

У другім памяшканні ўстаноўлены комплекс станкоў, якія кіруюцца з дапамогай лічбавага праграмнага ўпраўлення: фрэзерна- і лазерна-гравіравальны, 3D-прынтар.

Усё абсталяванне адпавядае санітарным нормам, у памяшканнях устаноўлены выцяжкі для ачышчэння паветра.

Зразумела, у такіх умовах урокі тэхнічнай працы праходзяць больш цікава і карысна. Аднак не менш важны і прафесіяналізм самога настаўніка. Ужо 20 гадоў Аляксандр Сіпко цярпліва вучыць хлопцаў трымаць у руках разнастайны інструмент і прывівае ім элементарныя мужчынскія навыкі. Дзякуючы майстэрству гэтага таленавітага і крэатыўнага педагога і яго калег у нашым горадзе з’явілася нямала незвычайных арт-аб’ектаў, якія прывабліваюць увагу і мясцовых жыхароў, і гасцей. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.