Равеснікі перамогі. «Памятаю пах свежага хлеба…»

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі
Мільёны людзей плакалі ад шчасця ў маі 1945 года, калі стала вядома пра капітуляцыю фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў. Перамога азначала, што пакуты і страты закончыліся, родныя і любімыя вернуцца дадому, а наперадзе новыя надзеі і радасці, народжаныя дзеткі будуць гадавацца пад мірным небам. У Браславе ў пераможным 1945 годзе ЗАГС зарэгістраваў нараджэнне 194 дзяўчынак і хлопчыкаў. Але ж гэтая лічба далёка не поўная, бо многіх дзетак запісвалі ў сельсаветах, а былі і выпадкі, калі за пасведчаннем аб нараджэнні прыходзілі ўжо дарослыя людзі. Пра тое, як жа склалася іх жыццё, — у нашай новай рубрыцы «Равеснікі Перамогі».

Нягледзячы на тое, што браслаўчанін Венядзікт Латышонак не бачыў жахаў вайны, дзяцінства ў яго было нялёгкім. Каля пяці гадоў было хлопчыку, калі разам з бацькамі ён пераехаў з в. Панцялейкі ў Браслаў, дзе тата пабудаваў уласную хату.

— На той час дзеці сталелі хутка, — узгадвае мужчына, — бо нам ужо з маленства трэба было выконваць нямала розных абавязкаў.

Найбольш яскравым момантам засталіся ў памяці паходы ў магазін за хлебам. Бацькі працавалі, і малому даводзілася самому выстойваць не адну гадзіну ў вялікай чарзе, потым у таўкатні прабірацца да прылаўка, каб купіць для сям’і такі жаданы і смачны хлеб. Амаль кожны раз у гэтай мітусні хлопец губляў усе гузікі на адзенні, але хто звяртаў увагу на такую дробязь, калі ў руках быў духмяны бохан. З удзячнасцю і пяшчотай успамінае суразмоўца пра сваіх бацькоў:

— Маці была валявая і таварыская жанчына, вельмі добра гатавала, таму на стале хоць якая-небудзь страва, але заўсёды была. Бацька, майстар на ўсе рукі, мог адрамантаваць любы гадзіннік, зрабіць скрыпку ці мандаліну, а яшчэ лялечны тэатр — вялікую радасць для дзяцей. Да яго нават з Варшавы прыязджалі, каб запрасіць да сябе, але ён адмовіўся.

У школе на занятках Венядзікт з цікавасцю спасцігаў розныя навукі, а на перапынках, як і водзіцца ў хлопцаў, свавольнічаў з аднакласнікамі. У 11 класе юнак закахаўся ў дзяўчыну Людмілу, якая з вясковай васьмігодкі перайшла ў сярэднюю гарадскую школу. Потым была вучоба ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме, тры гады службы ў арміі. І за ўвесь гэты час пяшчотныя пачуцці маладых толькі мацнелі.

— На вяселлі было больш за 100 гасцей, — узгадвае В. Латышонак. — Бацька дзесьці ўзяў вялікую брызентавую палатку, якую паставілі на двары, а маці разам са знаёмымі прыгатавала стол.

Пасля радаснай падзеі пачаліся жыццёвыя будні маладой сям’і. На свет з’явілася першая дачушка, а праз пару гадоў у хаце раздаўся галасок яшчэ адной, а там і трэцяй. Зразумела, бацька з усіх сіл намагаўся забяспечыць годнае жыццё сваім любым дзяўчатам, таму давялося змяніць нямала розных месц работы. Але ж у выніку ўладкаваўся радыёмеханікам па рамонце медыцынскай тэхнікі ў раённую бальніцу.

Людміле, якая працавала касірам у банку, арганізацыя выдзеліла трохпакаёвую кватэру. Тым часам дачушкі падрасталі, радавалі бацькоў сваімі поспехамі ў вучобе і мастацкімі здольнасцямі. Неўзабаве ў сям’і Латышонкаў нарадзіліся яшчэ дзве дзяўчынкі.

— Зразумела, — кажа мужчына, — клопату хапала, асабліва жонцы, але мы з радасцю гадавалі сваіх дачушак. Тым больш што старэйшыя дзяўчаты былі ўжо добрыя і надзейныя памочніцы. Яны і меншых даглядалі, і маці па доме дапамагалі.

У атмасферы спагады і клопату, якая пануе ў сям’і, дзеці выраслі добрасумленнымі і працавітымі. Дзяўчаты выдатна малююць, і амаль усе звязалі свае прафесіі з мастацтвам. Тры з іх жывуць побач з бацькамі, а дзве ўладкаваліся ў Мінску. Ва ўсіх свае сем’і і дзеці.

Венядзікт Мікалаевіч ужо даўно выйшаў на заслужаны адпачынак, але трывала ўпэўнены, што пенсія не падстава для суму. З задавальненнем разам з жонкай завіхаецца на дачы або выпраўляецца на возера па рыбацкую ўдачу. Але найбольшая для яго радасць, калі ў хаце збіраецца ўся вялікая сям’я: дочкі, зяці, 11 унукаў і 4 праўнукі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.