На Браслаўшчыне адбыўся міжнародны турнір па лоўлі спінінгам сярод інвалідаў па слыху

Международное сотрудничество
Тых, хто мае групу інваліднасці, мы звычайна называем людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Але многія з іх так не лічаць і вядуць настолькі актыўны лад жыцця, якому можа пазайздросціць чалавек атлетычнага складу.

Нядаўна на воз. Дрывяты, напрыклад, адбыліся міжнародныя спаборніцтвы па спінінгавай лоўлі рыбы з вёсельных лодак сярод інвалідаў па слыху. На спаборніцтвы прыехалі аматары спартыўнага рыбалоўства, якія не размаўляюць і не чуюць, з 9 краін свету — Беларусі, Расіі, Украіны, Сербіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі і Казахстана.

Пры падтрымцы Гродзенскай абласной арганізацыі глухіх арганізаваў міжнародны турнір Віталь Плаўскі, таксама інвалід па слыху. І гэта не адзінкавая акцыя сярод глуханямых, бо спаборніцтвы па лоўлі драпежнай рыбы спінінгам праходзілі ўжо ў Расіі, Літве, Даніі, Латвіі і Польшчы.

— Чаму месцам правядзення інтэрнацыянальнага турніру абралі менавіта воз. Дрывяты? — цікаўлюся ў Віталя.

— Нам патрэбна была база побач з возерам, — адказвае В. Плаўскі, — на якой з харчаваннем маглі б уладкавацца не менш за 100 чалавек. Дапамог Інтэрнэт. Затым патэлефанаваў дырэктару прафсаюзнай турбазы, папярэдне прыехаў, агледзеў умовы для пражывання і правядзення спартыўнага рыбалоўства. Сёння ўсе нашы рыбаловы задаволены такім выбарам. Адзіная праблема — лодкі. Іх толькі 4 на турбазе, яшчэ 4 — на базе адпачынку «Дрывяты», а для астатніх 40 экіпажаў лодкі давялося браць напракат у Мінску і везці іх у Браслаў на прычэпах.

Спаборніцтвы праходзілі ў 2 туры. І зранку ў мінулую пятніцу на водную гладзь воз. Дрывяты выйшлі 47 лодачных экіпажаў па 2 спінінгісты ў кожным. Пашанцавала, як звычайна і бывае на рыбалцы, далёка не ўсім, але чапляліся на штучную прынаду і добрыя экзэмпляры. Найбольшага шчупака даўжынёй 74,5 см вывудзіў у першым туры масквіч Андрэй Праскуракоў. А назаўтра рыбацкае шчасце больш усміхнулася рыбалову з Літвы, які злавіў драпежную асобіну даўжынёй 84 см.

Нягледзячы на тое, што не ўсе экіпажы вярталіся ў вызначаны час на бераг з уловам, гэта не азмрочвала настрой спінінгістаў. Пасля ўзважвання злоўленай шчасліўчыкамі рыбы (у камандным і індывідуальным першынстве вынікі падводзіліся па агульнай вазе ў двух турах) усе эмацыянальна абменьваліся ўражаннямі.

— Жэставая мова адрозніваецца ў глуханямых з розных краін, — тлумачыць мне Віталь Плаўскі, — але мы «згаворваемся». А калі што незразумела адразу, то перапытваем іншай жэстыкуляцыяй.

Па выніках двух дзён спартыўнага рыбалоўства трэцяе месца заняў экіпаж з Расіі, другое — з Польшчы, а кубак пераможцаў павезлі з сабой літоўцы. Іх агульны ўлоў склаў 9 кг 930 г. Усе ж спінінгісты атрымалі памятныя падарункі ад спонсараў з Мінска і Віцебска, а таксама зарад бадзёрасці. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.