Карэспандэнт газеты з’ездзіла разам з супрацоўнікамі аддзела прымусовага выканання ў рэйд да відзаўскіх даўжнікоў

Власть и общество
Аб’ектамі чарговага рэйду судовага выканаўцы аддзела прымусовага выканання Браслаўскага раёна Жанны Шылінай сталі даўжнікі з г. п. Відзы.

Прычыны, па якіх у дзверы можа пастукаць служыцель Феміды, бываюць розныя. Але галоўная задача супрацоўнікаў гэтай службы — спагнаць з грамадзян іх доўг. Работа не заўсёды прыемная, а іншым разам і ўвогуле небяспечная. У многіх «кліентаў» такі візіт судовага выканаўцы, няхай і нечаканы, здзіўлення не выклікае.

Па першым адрасе нас сустрэлі бацькі даўжніка. Сам малады чалавек, якому неабходна аплаціць шэраг адміністрацыйных штрафаў, паехаў на заробкі ў Расію. А вось бацьку, які быў пад шафэ, наш прыход не спадабаўся: ён пачаў на павышаных танах спрачацца і з судовым выканаўцам, і з карэспандэнтам: маўляў, хто вы такія і чаго прычапіліся.

Падобная сітуацыя склалася і ў доме па вуліцы Маладзёжнай, дзе за гаспадыняй цягнецца фінансавы «шлейф» па аплаце ЖКП. І калі сама яна адэкватна выслухоўвала судовага выканаўцу, то яе сын, які нядаўна вярнуўся з арміі, вельмі варожа ўспрыняў наш візіт. Асабліва пагрозлівыя выказванні хлопец адрасаваў мне, калі ўбачыў у руках фотаапарат. І гэта замест таго, каб уладкавацца на работу і пагасіць сямейную запазычанасць.

Тым не менш нават у такіх умовах Ж. Шыліна цярпліва і карэктна тлумачыла, што даўгі трэба вяртаць.

Заходзім у наступную хату, у якой, відаць, ужо даўно ніхто не прыбіраўся: смурод, смецце, бруд, чад — усё гэта выклікае агіду і красамоўна сведчыць, як нізка можа апусціцца чалавек. Аднак неабходна высвятляць усе нюансы справы. Аказваецца, дваццацігадовы хлопец стаў віноўнікам аварыі, у якой пашкодзіў аўтамабіль, а яго вадзіцель атрымаў сур’ёзную траўму. І ліхачу трэба выплаціць 800 рублёў Белдзяржстраху і каля 700 руб. — установе аховы здароўя за лячэнне пацярпелага.

Нямала даўгоў, адзначае Ж. Шыліна, у нашых грамадзян па розных відах крэдытаў. Так, відзаўчанін узяў у магазіне ў растэрміноўку смартфон за 700 руб., але вырашыў грошы за яго не плаціць. Цяпер да кошту тэлефона прыбавілася і пеня ў такім жа памеры.

Сустракаюцца ў практыцы судовых выканаўцаў выпадкі, калі банкаўскія даўгі па крэдытах спаганяюцца з паручыцеля. Таму, раіць суразмоўніца, лепш сур’ёзна абдумаць просьбу блізкага ці знаёмага, перш чым ставіць свой подпіс у банкаўскіх дакументах на атрыманне крэдыту. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.