«Далячанскі бульбаслаў», ці Як мясцовыя жыхары святкуюць збор ураджаю бульбы

В свободное время
Сярод брэндавых мерапрыемстваў устаноў культуры Браслаўшчыны ёсць адно, звязанае з прадуктам, без якога не абыходзіцца ні адна сям’я. Менавіта ў гонар бульбы каторы год запар у Далёкіх ладзяць знакаміты «Далячанскі бульбаслаў».

Чаму менавіта ў гэтым населеным пункце? Таму што тут дзесяцігоддзямі вырошчваюць другі хлеб для сваіх патрэб і на продаж, а мясцовыя жыхары з лёгкасцю раскажуць пра лепшыя гатункі бульбы. Раз у год жыхары Далёкіх збіраюцца ў мясцовым клубе, каб адсвяткаваць збор ураджаю і разам павесяліцца.

Сёлета мясцовыя культработнікі падрыхтавалі для гледачоў, а дакладней, удзельнікаў свята насычаную праграму. Яе адметнасцю стала ператварэнне глядзельнай залы ў месца для агульнага чаяпіцця. Арганізатары паставілі там сталы з пачастункамі, а гледачы ператварыліся ў дэгустатараў страў з бульбы, якімі іх частавалі на працягу ўсяго свята. Пры гэтым на сцэне адбывалася тэатралізаванае дзейства з удзелам мясцовых самадзейных артыстаў. Дапамагалі ім у пастаноўцы культработнікі з Браслава, якія ўдала дапаўнялі дзеянне музычнымі нумарамі. Не абышлося і без гумарэсак, конкурсаў, гульняў для дзяцей і дарослых. Ажыятаж выклікала і самая вялікая бульбіна, вагу якой неабходна было адгадаць, а яна, дарэчы, заважыла 1 кілаграм 250 грамаў. Цікавымі былі выстаўкі спецыялізаванай літаратуры пра вырошчванне гародніны, падзелак і, вядома ж, гатункаў бульбы, якіх было з дзясятак. Завяршылася свята агульным танцам пад словы «дзе карагод ходзіць — там бульба родзіць» вакол імправізаванай фігуры гаспадара свята Бульбаша. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.