Які ўклад зрабілі прафсаюзы ў падрыхтоўку Браслава да абласнога фестывалю

Новости
Не маглі застацца ў баку ад значнай падзеі ў жыцці горада і грамадскія аб’яднанні. Як расказаў старшыня Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Павел Сільчонак, ідэю наконт рэканструкцыі помніка воінам-вызваліцелям у раённым цэнтры адназначна падтрымалі грамадскія лідары.

У сціслыя тэрміны, але якасна і грунтоўна былі праведзены неабходныя работы па добраўпарадкаванні памятнага месца: замянілі плітку, з’явілася падсветка, лавачкі. Але галоўнае — на пліты былі нанесены новыя прозвішчы загінулых салдат. Завершаны выгляд мемарыялу надае ўстаноўленая арка на яго ўваходзе з надпісамі «Ніхто не забыты — нішто не забыта» і «Подзвігу народа жыць у стагоддзях».

На працягу падрыхтоўкі горада і раёна да свята Браслаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў шэфствавала таксама і над дарогай у напрамку Мёр. Гэта траса, па якой паедуць госці з боку Віцебска і па яе дагледжанасці будуць меркаваць пра руплівасць гаспадароў. Прафсаюз курыраваў абкосы абочын і высячэнне хмызняку. Рэгулярна прадстаўнікі аб’яднання сумесна з работнікамі розных арганізацый выязджалі на навядзенне парадку на ёй.

Не забываўся прафсаюз і пра маральную і матэрыяльную падтрымку галоўных віноўнікаў свята — працаўнікоў сяла. Канцэрты з удзелам зорак беларускай эстрады і словы ўдзячнасці за цяжкую працу ад раённага, абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва, уручэнне дыпломаў і грашовых прэмій сталі добрай традыцыяй на палетках Браслаўшчыны. ■

Алена НАБЕЕВА.