Браслаўчане прынялі ўдзел у днях беларускай культуры ў Латвіі

Новости
Па запрашэнні Цэнтра беларускай культуры і культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» у Даўгаўпілсе браслаўчане прынялі ўдзел у днях беларускай культуры ў Латвіі.

Святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды адбываюцца штогод увосень пад эгідай Саюза беларусаў Латвіі ва ўсіх гарадах, дзе актыўна працуюць беларускія дыяспары. Сумесна з гэтымі ўрачыстасцямі быў адкрыты і новы творчы сезон Беларускага дома ў Даўгаўпілсе. У першую суботу верасня даўгаўпілчан сваімі песнямі, танцамі і іншымі канцэртнымі нумарамі радавалі мясцовыя калектывы, госці з Рэзэкнэ, а таксама народны ансамбль «На панадворку».

— Мы не першы раз прымаем удзел у гэтым свяце, і вельмі пачэсна, што пра нас не забываюць, запрашаюць выступаць зноў і заўсёды цёпла прымаюць, — адзначае кіраўнік народнага ансамбля «На панадворку» Марына Шыркевіч. — Гэтым разам мы павезлі гадзінную праграму толькі беларускіх песень, праўда, разнажанравых. Лепш за ўсё гледачы ўспрынялі наша акапэльнае выступленне.

Здзіўлялі сваёй творчасцю на мерапрыемстве і браслаўскія майстры. Супрацоўнікі музея традыцыйнай культуры Ларыса Дарафейчык і Ірына Высоцкая выстаўлялі калекцыю беларускіх сувеніраў, а таксама праводзілі майстар-класы па вырабе свістулькі, лялькі і вязанні кручком.

На гэтым свяце паездкі ў Латвію не заканчваюцца. Браслаўскіх культработнікаў запрасілі паўдзельнічаць яшчэ ў некалькіх мерапрыемствах як у Даўгаўпілсе, так і ў іншых латвійскіх гарадах. Такія культурныя візіты становяцца магчымымі дзякуючы падпісанаму пагадненню аб супрацоўніцтве паміж таварыствам «Уздым» і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта. ■

Алена НАБЕЕВА.