Браслаўчане годна выступілі на інтэлектуальным турніры ў Мёрах

Отдых

Традыцыйны інтэлектуальны турнір, прымеркаваны да фестывалю «Журавы і журавіны», прайшоў у суседніх Мёрах. Паспяхова на ім выступілі і браслаўчане.

Як расказаў капітан нашай каманды Андрэй Багаслоўскі, сёлета шасцёра маладых браслаўчан змагаліся за кубак пераможцаў з васьмю камандамі сапернікаў — зборнымі Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама пяццю калектывамі з Мёршчыны.

Турнір складаўся з трох этапаў: «Медыяазбукі», «Пін-кода» і непасрэдна «Што? Дзе? Калі?». У першым інтэлектуалы вырашалі графічныя задачы, у другім шукалі правільныя лічбавыя адказы, а ў трэцім, дарэчы, самым складаным, ламалі галаву над сапраўды сур’ёзнымі пытаннямі.

У першай і трэцяй гульнях нашы землякі занялі першыя месцы, у другой жа крыху саступілі лідарам. У іншым выпадку перамога нашай камандзе была б гарантавана, бо «Што? Дзе? Калі?» заўсёды ацэньвалася значна вышэй за іншыя этапы, аднак гэтым разам арганізатары вырашылі інакш і далі пераможцам у кожным этапе аднолькавую колькасць балаў. Такая акалічнасць не дазволіла браслаўчанам узняцца на першую прыступку рэгіянальнага інтэлектуальнага п’едэстала: мы занялі пачэснае другое месца, саступіўшы толькі глыбачанам. Летась, між іншым, каманда Браслаўскага раёна прывезла з такога ж турніру «золата». ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.