Творчыя праекты, выстаўкі і конкурсы. Чым жыве бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна

Новости

На фота: бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Анастасія Лабанава і бібліятэкар гэтага ж аддзела Вераніка Галаванава.

Неад’емнай часткай беларускай культуры, якая бярэ пачатак ад першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны, з’яўляюцца бібліятэкі. Менавіта яны лічацца сапраўднымі скарбніцамі, крыніцамі ведаў і духоўнасці народа.

Сёння бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва нашага раёна забяспечваюць 13 кніжных храмаў, паслугамі якіх карыстаюцца больш за 11 тыс. чалавек. Кніжны фонд ЦБС налічвае амаль 17 тыс. экзэмпляраў. Кожны год ён папаўняецца сацыяльна значнай літаратурай. Карыстаюцца папулярнасцю сярод вясковых жыхароў і паслугі бібліятэкі на колах, якая за адзін маршрут абслугоўвае чытачоў з 8-10 населеных пунктаў. На сённяшні дзень гарадская і сельскія бібліятэкі аказваюць 54 віды паслуг. Найбольш запатрабаваныя ксеракапіраванне, сканіраванне, ламініраванне і карыстанне электроннай поштай.

— Цяпер бібліятэка, — кажа дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская, — з’яўляецца месцам, якое дае магчымасць чалавеку задаволіць не толькі свае чытацкія інтарэсы, а і інфармацыйныя запыты, дапамагае знайсці яму неабходныя веды для дасягнення поспеху ў вырашэнні надзённых і перспектыўных задач, забяспечыць духоўныя патрэбы ў чалавечых зносінах, а таксама цікава і карысна правесці свой вольны час.

А для гэтага ўся работа бібліятэк будуецца на творчым, інавацыйным падыходзе да справы, укараненні ідэй прэстыжнасці чытання, фарміраванні інтэлектуальных трэндаў, ператварэнні ва ўстановы, дзе можна атрымаць інфармацыю на любым носьбіце.

Так, у гэтым годзе ў бібліятэках раёна паспяхова рэалізуюцца 10 новых творчых праектаў, праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100- годдзю ўтварэння БССР, 30-годдзю вываду савецкіх войск з Афганістана. Шмат увагі ўдзяляюць прыцягненню дзяцей у рады актыўных чытальнікаў. На больш высокі ўзровень, адзначае В. Ляснеўская, выйшла выставачная дзейнасць. Заслугоўвае ўвагі новы праект «Выстава Ok: вельмі крэатыўна!», які рэалізуецца ў цэнтральнай бібліятэцы. На працягу лютага-сакавіка ў дзіцячым храме кніг дзейнічала выстава, прысвечаная 100-годдзю заснавання Латвіі, у Слабодкаўскай — экспазіцыя работ мастака з Барадзініч Яна Рыдзікі. А нядаўна ў дзіцячай бібліятэцы адкрылася незвычайная выстава шарыкавых аўтаручак з розных краін свету, якія прадставіла кіраўнік аддзела адукацыі, культуры і спорту Дагскага краю Латвіі Марыя Міцкевіч.

Шмат разнастайных сустрэч з цікавымі людзьмі ладзяць работнікі цэнтральнай установы. Цеснае творчае супрацоўніцтва звязвае сістэму публічных бібліятэк раёна з паэтам з суседняй краіны, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскім дзеячам Станіславам Валодзькам. Нядаўна ў Слабодкаўскай бібліятэцы прайшла сустрэча з вядомым мастацтвазнаўцам Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Барысам Крэпаком і намеснікам рэдактара газеты «Культура» Ларысай Крушынскай.

Адным з сучасных накірункаў дзейнасці, якое актыўна развівае цэнтральная бібліятэка ў апошнія гады, стала міжнароднае супрацоўніцтва. Плённыя карпаратыўныя сувязі, кажа В. Ляснеўская, наладжаны з бібліятэкамі Расіі і Латвіі, з якімі заключаны пагадненні. Падчас скайп-канферэнцый калегі дзеляцца сваім вопытам работы, абмяркоўваюць надзённыя пытанні і шляхі супрацоўніцтва бібліятэк прымежжа ў адзінай інфармацыйнай прасторы.

Некалькі апошніх гадоў бібліятэкі раёна прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных інтэрнэт-конкурсах і акцыях, дзе атрымліваюць дыпломы за свае інавацыйныя работы. Так, узялі першае месца ў рэгіянальным туры еўразійскага інтэрнэт-форуму па тэме «Малады герой у літаратуры маёй краіны», другое — у 8-м Гарадоцкім раённым конкурсе «Ці ведаў хто з вас, браткі, Тараса?».

Штогод Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка краіны праводзяць рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», мэта якога — прапаганда ідэй беларускасці, нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры і, безумоўна, падтрымка чытання.

Сёлета ў гэтым конкурсе прынялі ўдзел каля 40 публічных бібліятэк. Свой вопыт работы ў арыгінальным афармленні прадставілі і супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі. Журы высока ацаніла дзейнасць браслаўчан і ў намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» адзначыла іх дыпломам ІІ ступені. Сімвалічна, што цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу адбылася ў Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме.

— Зразумела, — рэзюмуе Вольга Ляснеўская, — аснова ўсіх поспехаў — людзі, якія задаюць тон у рабоце і ідуць у авангардзе калектыву. У першую чаргу гэта І. Макарэвіч, В. Лук’янава, М. Васілеўская, Г. Кандратовіч, Г. Маслякова, А. Папкова. Шчырыя словы ўдзячнасці хочацца адрасаваць і ветэранам бібліятэчнай справы. Жадаю ўсім бібліятэчным работнікам здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні і гордасці за абраную прафесію.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.