Дзмітрый Калдун выступіць з канцэртам у Браславе

Отдых
У лютым і красавіку бягучага года ў Браславе выступалі зоркі эстрады — цыганскае шоу «Кустурыца» і Герман Цітоў. Зацікаўленасць з боку гледачоў паказала: трэба часцей запрашаць прафесіянальных артыстаў.

— Раённы цэнтр культуры гатовы супрацоўнічаць з папулярнымі спевакамі і запрашаць іх на выступленні ў Браслаў. Тым больш што яны звычайна ахвотна пагаджаюцца прыехаць да нас, а мясцовая сцэна з сучаснай апаратурай і асвятленнем падыходзіць да правядзення канцэртаў прафесіяналаў, — кажа дырэктар РЦК Юлія Далецкая. — Каб вывучыць песенны густ браслаўчан і выявіць іх зацікаўленасць у пэўным музычным напрамку, мы праводзім адпаведная апытанні.

Ужо 19 верасня ў Браславе адбудзецца канцэрт прадстаўніка Беларусі на міжнародным конкурсе «Еўрабачанне», уладальніка 4-х прэмій «Залаты грамафон», звання «Артыст года – 2018» Дзмітрыя Калдуна. На восень таксама запланаваны выступленні групы «Дразды» і Ігара Аксюты. Ёсць папярэднія дамоўленасці і з іншымі зоркамі беларускай эстрады. —

Адметнасцю канцэртаў прыезджых артыстаў з’яўляюцца сумесныя нумары з мясцовымі танцавальнымі калектывамі. Такі падыход аказаўся запатрабаваным і нашым гледачом. Пагаджаюцца падтрымаць браслаўчан на сцэне і сталічныя зорныя госці, — расказвае Юлія Далецкая. — Мы таксама дамовіліся і з Дмітрыем Калдуном пра такі творчы саюз.

Арыгінальным чынам падыходзяць у РЦК і да рэалізацыі білетаў на канцэрты. На днях супрацоўнікі плануюць выехаць на вуліцы горада з міні-выступленнямі і заняцца продажам квіткоў непасрэдна на месцы. Словам, творчы падыход да арганізацыі вольнага часу браслаўчан дае плённы вынік, бо жыхары райцэнтра могуць, не выязджаючы ў сталіцу, пабываць на канцэртах вядомых артыстаў. ■

Алена НАБЕЕВА.