Пра што пісала «Браслаўская звязда» 25 гадоў таму назад (верасень 1994-га)

Калейдоскоп

НОВАЕ ПАПАЎНЕННЕ

У сёлетнім навучальным годзе ў нашым раёне 1 верасня заняткі пачаліся ў 47 школах. Гасцінна адчынілі свае дзверы дзецям 11 пачатковых, 19 базавых, 16 сярэдніх школ і 1 школа-інтэрнат. За парты селі 4 988 вучняў, а да класнай дошкі выйшлі 734 настаўнікі. Новым папаўненнем у школы раёна ўліліся 590 першакласнікаў, а таксама 25 педагогаў — маладых спецыялістаў.

БРАСЛАЎСКІЯ СУСТРЭЧЫ С. С. ШУШКЕВІЧА

На днях наш раён наведаў вядомы палітычны дзеяч Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч. Усяго адбыліся тры сустрэчы, падчас якіх дэпутат гаварыў пра сітуацыю ў краіне, маючыя адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет, адказаў на шматлікія пытанні. Жыхары раёна цікавіліся, як С. С. Шушкевіч ацэньвае дзейнасць цяперашняга парламента і сваю работу на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савета, чаму падпісваў дагавор у Віскулях, па якім шляху бачыць выйсце з крызісу.

ВЕСТКІ З КАЛГАСАЎ

Пасеяць 1 429 гектараў азіміны — такую задачу паставіла перад калгасам «Маяк» абласное начальства. Але хоць і кажуць, што зверху лепш бачна, агранамічная служба на месцы палічыла, што гэтае заданне заніжана і не задавальняе ўсе патрэбы гаспадаркі. Маякоўцы пасеялі 1 711 га азімых збожжавых, а сеялкі яшчэ не вярнуліся з палёў. НЕ КІЕМ, ДЫК ПАЛКАЮ Дзяржаўныя перапрацоўчыя прадпрыемствы месяцамі затрымліваюць грошы за здадзеную прадукцыю. Вымушаныя браць крэдыты пад высокія працэнты, калгасы і саўгасы раёна, каб абараніць прыбыткі ад інфляцыі, усё часцей пачалі звяртацца ў гаспадарчы суд і адсуджваць грошы, у тым ліку і штрафы на сваю карысць. Дык кіраўніцтва Мёрскага мясакамбіната папярэдзіла: будзеце з намі судзіцца — не будзем прымаць ад вас жывёлу.

ЯК МОКРАЕ ГАРЫЦЬ

Вярхоўны Савет прыняў закон, згодна з якім усе грамадзяне Беларусі атрымліваюць кавалачак агульнага пірага ў выглядзе прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць». У нашым раёне сертыфікаты гэтых чэкаў павінны атрымаць 28 542 чалавекі. Аднак народ чамусьці не кінуўся валам за сваім багаццем: аформілі паперы толькі 718 браслаўчан. Адным словам, чэкавая прыватызацыя ідзе як мокрае гарыць.

НАЯЎНАСЦІ НЯМА Ў НАЯЎНАСЦІ

Да затрымак зарплаты ў вытворчых калектывах прывыклі і разумеюць: бываюць сітуацыі, калі ў прадпрыемства няма грошай. Але і ў бюджэтнай сферы апошнім часам то настаўнікі не атрымаюць аванс, то медыкам няма зарплаты. Прычына простая: у нашым банку не хапае наяўных грошай. Напрыклад, на днях з патрэбных 540 млн паступілі толькі 180. Куды разбягаюцца нашы «зайцы», невядома, але тое, што нам плацяць, не вяртаецца праз гандаль і сферу паслуг.

БАЛЬНІЦА — БЕЗ ЛЕКАЎ

На апошнім пасяджэнні райвыканкама прагучала вельмі непрыемная вестка: у раённай бальніцы няма чым лячыць хворых, а зарплата медперсаналу ідзе з двухмесячным спазненнем. У абласным бюджэце не была зроблена карэкцыя выдаткаў на медыцынскія патрэбы, а раённы збяднеў праз неаднаразовыя павелічэнні заработнай платы, кошту энерганосьбітаў і згортванне вытворчасці. Да канца года можа стаць яшчэ горш.

АШЧАДБАНК І ВАШЫ ГРОШЫ

Многія браслаўчане абураюцца, што іх грошы, заробленыя яшчэ ў даперабудовачныя часы, спачатку «з’ела» інфляцыя, а цяпер дэнамінацыя. Між тым у Ашчадбанку стараюцца абараніць інтарэсы сваіх кліентаў, павышаючы працэнты на банкаўскія ўклады. Так, на ўклад да запатрабавання налічваецца 60 % гадавых, на тэрміновы — 250 %, накапляльны — 270 %, дзіцячы — 300 %.

КАБЫЛА ПАДВЯЛА

Доўга ламаў галаву жыхар в. Анісімавічы Мяжанскага сельсавета над тым, як яму разбагацець не працуючы. А тут двое глыбачан прапанавалі яму 10 тыс. «зайцаў», лічы, дарма: трэба толькі перавезці іх з паклажай праз граніцу ў Латвію. Запрог вясковец калгасную кабылу Маруську ў калгасную ж падводу ды рушыў таемнай сцежкай. Але тая кабыла вывезла падарожнікаў прама на латвійскі пагранічны нарад. Замест заробку — 30 тыс. штрафу ды выплаты калгасу за павозку і Маруську-эмігрантку. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.