У гаспадарках Браслаўскага раёна пачалі сяўбу азімых збожжавых

Деньги
Сёлета, убіраючы ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, аграрыі Браслаўшчыны яшчэ раз упэўніліся, што азімыя культуры з іх вынослівасцю даюць значна лепшы вынік, у адрозненне ад яравых. Таму амаль усе гаспадаркі раёна ўжо ўзяліся рыхтаваць глебу і актыўна засяваць яе. На раніцу 5 верасня ў раёне пад сяўбу азімых было падрыхтавана 6 147 га глебы, крыжакветнымі культурамі ўжо засеялі 87,1 % ад запланаваных плошчаў, або 2 612 га.

У «Мяжанах» на раніцу чацвярга было падрыхтавана да сяўбы 306 га глебы, або 22,7 % ад плана. Крыжакветнымі культурамі тут засеялі 230 га і яшчэ 29 — збожжавымі. Каб паскорыць працэс падрыхтоўкі глебы, у гаспадарцы аруць у дзве змены. Днём на энерганасычаным МТЗ-3022 працуе Віктар Прахарэнка, у начную змену яго падмяняе родны брат Сяргей.

У ліку найбольш вопытных і лепшых механізатараў Пётр Станкевіч, які ў гэтым сезоне пасеяў асноўную частку азімых і працягвае далей адказную справу.

— Сеяць хутка, якасна, без прастояў, каб зрабіць задзел на наступны год і зімаваць з лёгкім сэрцам, — вось наша задача, — кажа Пётр.

Час ад часу за руль сеялкі садзіцца і механізатар Тадэвуш Шыдлоўскі.

Увогуле ж сяўба пакуль што праходзіць у спрыяльных умовах. Гаспадаркі раёна плануюць у сціслы тэрмін адсеяцца і як мага больш узараць глебы да зімы. Дарэчы, цёплая і сухая мінулагодняя восень, можна сказаць, як ніколі спрыяла аграрыям, спадзяюцца яны на добрае надвор’е і ў гэтым сезоне. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.