У Браслаўскім раёне шматдзетныя сем’і атрымалі дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы на суму больш за 42 тысячы рублёў

Новости
Сабраць дзіця ў школу — задача няпростая. Школьнае адзенне, прычым як мінімум два-тры варыянты камплектаў, спартыўная форма, абутак класічны і для заняткаў фізкультурай, дадайце сюды канцылярыю, а яшчэ аплату за гурткі — і атрымаецца, што за такі мінімум трэба выкласці амаль адначасова ўнушальную суму. А калі ў сям’і не адно дзіця, ці з асаблівасцямі развіцця, ці выхоўваецца яно ў няпоўнай сям’і? Тут на дапамогу прыходзяць сацыяльныя службы, грамадскія аб’яднанні і нават неабыякавыя да чужых цяжкасцей людзі.

Сёлета, як, прынамсі, і кожны год, сабраць дзяцей са шматдзетных і маламаёмасных сямей да пачатку новага навучальнага года дапамагалі розныя службы, у тым ліку ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, таварыства Чырвонага Крыжа, сацыяльна-педагагічны цэнтр, прафсаюзныя пярвічкі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

ДЗЯРЖПАДТРЫМКА

Пераважная большасць грашовых выплат праходзіць, безумоўна, па лініі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. Такая дапамога прадугледжана дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016 — 2020 гг.», а права на яе, па словах дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вікторыі Атрашкевіч, маюць сем’і, у якіх выхоўваюцца тры і больш дзіцяці, што вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Адначасовая матэрыяльная дапамога выплачваецца на кожнага вучня ў памеры 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму. У гэтым годзе на такія мэты з раённай казны было запланавана больш за 10 тысяч беларускіх рублёў.


У Браслаўскім раёне ўсе шматдзетныя сем’і — 271 (652 дзіцяці) — атрымалі да пачатку навучальнага года матэрыяльную дапамогу. З розных крыніц яна склала агульную суму больш за 42 тысячы беларускіх рублёў.

За жнівень у ТЦСАН па выплаты звярнуліся 166 шматдзетных сямей, вучняў у якіх ні многа ні мала 335. На аднаго школьніка выдаткоўвалася 30 рублёў. Акрамя таго, малазабяспечаным сем’ям, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, прадастаўляецца дзяржаўная адрасная штомесячная сацыяльная дапамога. Скарысталіся апошняй 37 сямей (129 дзяцей), якім было выдаткавана 22,5 тысячы рублёў. Адны бацькі з трыма дзецьмі атрымалі 100 рублёў са сродкаў фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Таксама за кошт прадпрыемстваў і арганізацый матэрыяльная дапамога па падрыхтоўцы дзяцей да навучальнага года аказана 61 шматдзетнай сям’і (215 школьнікаў) на суму амаль 10 тысяч рублёў. Але не толькі грашовай была дапамога: ТЦСАН прапаноўваў шматдзетным сем’ям і гуманітарныя рэчы. Сабраць адзенне і абутак для тых, каму яны патрэбны, заклікана таксама акцыя «З рук у рукі», у якой ахвотна ўдзельнічаюць спагадлівыя браслаўчане.


Між іншым, школьнікі з сямей, дзе выхоўваюцца тры і больш непаўналетніх, плацяць палову кошту за карыстанне падручнікамі. Дзеці з інваліднасцю ўвогуле вызвалены ад такіх выплат. І першыя, і другія бясплатна харчуюцца ў сталовых устаноў адукацыі і наведваюць заняткі ў школах мастацтваў.

НЕАБЫЯКАВАЕ ГРАМАДСТВА

Істотную дапамогу ў падрыхтоўцы да навучальнага года штогод аказвае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Сёлета рэспубліканская дабрачынная кампанія «Збяром дзяцей у школу» пачалася напрыканцы жніўня, працягваецца яна яшчэ і цяпер. Яе адрасатамі сталі школьнікі са шматдзетных і маламаёмасных сямей, сіроты, дзеці з інваліднасцю, з дамоў-інтэрнатаў, з сямей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Кампанія працягнецца яшчэ некалькі дзён, — расказвае в. а. старшыні РА БТЧК Жанна Скур’ят, — але ўжо цяпер дзясяткі маламаёмасных сямей, якія выхоўваюць школьнікаў, атрымалі дапамогу да новага навучальнага года. Валанцёры раённай арганізацыі (вучні сярэдніх школ № 1, 2 г. Браслава) у ходзе акцый сабралі 96 беларускіх рублёў. Таксама для перадачы дзецям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, сабрана 145 адзінак пісьмовых прылад, канцылярскіх тавараў, адзення. Асаблівую падзяку наша арганізацыя выказвае ІП В. Сініцы, якая падарыла для перадачы дзяўчынкам 18 адзінак новага прыгожага адзення. Дзесяць набораў прадуктаў харчавання ад ПГУП «Віталіч-Гандаль» атрымалі сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, дзяцей, што знаходзіліся пад дзяржаўнай абаронай і да 1 верасня вернутыя бацькам, маламаёмасныя. Нядаўна грамадзянка В. Буёнак прывезла ў РА БТЧК 18 адзінак цёплай вопраткі і абутку.

Імкнуцца дапамагчы дзецям і іх бацькам таксама і члены БТЧК першасных арганізацый сістэмы адукацыі раёна. Канчатковыя вынікі кампаніі будуць падведзены 17 верасня. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.