Дрысвяты — мястэчка з багатай гісторыяй

Год малой родины
Аграгарадок Дрысвяты — цікавае мястэчка з гістарычнага пункту гледжання. У ім ёсць што паглядзець. А якія тут людзі! Мы запыталі ў тутэйшых, чым адметная іх малая радзіма.

Ніна КАЛАДЫНСКАЯ, пенсіянерка:

— Як можна не любіць свае карані? Месца, дзе нарадзіўся? Мне 80 гадоў, я ўсё жыццё правяла ў Дрысвятах, хрысцілі мяне ў мясцовай царкве, 40 гадоў адпрацавала даяркай на ферме, нарадзіла дзяцей, дачакалася ўнукаў і праўнукаў! Здароўе і родныя — што яшчэ патрэбна для шчасця? Толькі за гэта можна любіць сваю радзіму. Хоць лёс мяне не песціў. Я дзіця вайны, мне быў год, калі бацьку забілі паліцаі на вачах у маці. Мы засталіся з ёй адны, быў яшчэ маленькі 8-дзённы брацік, які пасля памёр. Мне споўнілася 5 гадоў, калі маму забралі ў турму, давялося жыць і ў чужых, і ў сваіх… Аднак за ўсе гады я не страціла аптымізму, гляджу з надзеяй у будучыню і радуюся кожнаму пражытаму дню ў маіх родных Дрысвятах. За жыццё, прыгожыя краявіды і маіх родных люблю гэтае месца.


Эмілія ШАВЭЛА, краязнаўца:

— Так склалася, што Дрысвяты сталі маёй малой радзімай. Я родам з хутара Лявонішкі, там цяпер застаўся бацькоўскі сад, бярозкі і могілкі, дзе пахаваны родныя. Мы збіраемся там рэгулярна, сустракаемся з сябрамі, успамінаем дзяцінства і маладосць. Вось туды заўсёды цягне.

У Дрысвяты ж я прыехала працаваць пасля вучобы, работы і жыцця ў Еўпаторыі, бо заўсёды хацелася жыць на бацькаўшчыне. Тут пачала займацца фальклорам, вывучаць мясцовую этнаграфію, гісторыю, стаяла ля вытокаў народнага гурта «Вярба», ды і цяпер выступаю з ім. Я ўжо, як кажуць, каранямі ўрасла ў гэтую зямлю. Дрысвяты захапляюць сваёй гісторыяй, тут кожная вулачка поўная цікавых паданняў. А якія легенды я даведалася ад старажылаў! У Дрысвятах жывуць добрыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу.

Нядаўна мы сабраліся і адзначылі свята сваёй вуліцы: паставілі сцэнку, спявалі, танцавалі…

Дрысвяты — гэта маё атачэнне, сям’я, сябры, спагадлівыя, разумныя і працавітыя жыхары. Раніцай я прачынаюся, выходжу на вуліцу: спяваюць птушкі… Душа проста радуецца.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.