«Браслаўская звязда»: успаміны былога супрацоўніка газеты пра тое, як аднаўлялі сатырычную старонку «Ёрш»

Год малой родины
За гады выдання «Браслаўская звязда» зведала шмат перамен. Адбываліся яны не толькі ў тэхналагічным плане: у залежнасці ад часу змянялася і напаўненне газеты, а таксама жанравыя падыходы журналістаў да асвятлення рэчаіснасці. У савецкі перыяд, напрыклад, раёнка пісала пра дасягненні і поспехі працоўнага чалавека, але не на апошнім месцы было і адлюстраванне заганаў грамадства. Асабліва трапнымі сатырычнымі замалёўкамі славілася тэматычная старонка пад назвай «Ёрш» (куток сатыры і гумару).

Дакладна невядома, з якога часу старонка стала выходзіць у свет. Аднак тое, што «Ёрш» зведаў выключную папулярнасць у браслаўчан у савецкі і перабудовачны перыяды, бясспрэчна. Яго калючыя радкі не абмяжоўваліся дробнымі бытавымі тэмамі, высмейваючы сямейных дэбашыраў і алкаголікаў, а і «падбадзёрвалі» тунеядцаў, хабарнікаў, выстаўлялі напаказ недахопы ў рабоце тых ці іншых арганізацый, калгасаў, нават выкрывалі бюракратызм.

Цікава, што самі тэксты пісаліся нават з указаннем імёнаў і прозвішчаў «вінаватых», каб, так сказаць, усе ведалі сваіх герояў у твар. Не трэба гадаць, ці мелі артыкулы пэўнае ўздзеянне, бо таму, хто трапляў пад «яршыстае» пяро, мала не здавалася. Напрыканцы 80-х — пачатку 90-х адным з сааўтараў сатырычнай старонкі, чые радкі не раз траплялі ў дзясятачку і прымушалі перагледзець жыццёвыя прыярытэты, быў і журналіст Аляксандр Азевіч.

— Як чытач я вельмі любіў «Ярша», дзе свае фельетоны пісаў тагачасны рэдактар Карэнька, — прыжмурыўшы вока, з задавальненнем узгадвае Аляксандр Пятровіч. — Старонка гэта выходзіла толькі адзін раз у месяц. О-о-о, як яе чакалі, а потым, пасля выхаду абмяркоўвалі, смакавалі, здаецца, ці не кожнае слова. Быў перыяд, калі некалькі гадоў «Ёрш» не выходзіў — гэта на самай справе была страта для газеты. Напэўна, таму, калі я прыйшоў працаваць у рэдакцыю са сферы культуры, мне хацелася аднавіць былую славу старонкі, тым больш што і матэрыялу ў гады перабудовы для сатырычных замалёвак хапала, ну і, не буду хітраваць, сілы і здольнасці на такую справу ў сабе адчуваў. З адпаведнай прапановай звярнуўся да рэдактара. А ён мне ў лоб: «А ты пацягнеш?» Падумаўшы пару секунд, адказаў: «Ну, пастараюся!» Цэлы месяц пасля гэтай размовы я збіраў персанажаў і сюжэты для свайго «Ярша». У выніку выйшлі 4 артыкулы, ужо не памятаю дакладна, пра што, здаецца, пра нейкую скаргу ў магазіне, калгас «Дружба» і пэўныя бытавыя тэмы. Словам, першы блін атрымаўся не камяком, справа пайшла… Як пісаліся замалёўкі? Зразумела, не з бухты-барахты. Паехаў я, напрыклад, у калгас і там убачыў, як бы гэта сказаць, не тое, што патрэбна. Ага, зачапіўся за востранькае і тут ужо абдумваю, як мне гэта падаць у сатырычным плане, каб і чыталася лёгка, і не прайшло бясследна, паўздзейнічала, значыць, на таго, каго трэба. Часам выступаў сам за Ярша альбо запісваў яго маналогі. Мне гэта вельмі падабалася. Я быццам бы запускаў сябе ў яго, і тады на паверхню выходзіў увесь мой гумар і скептыцызм. Былі і памочнікі: рэдактар час ад часу таксама пісаў замалёўкі, а праз некалькі гадоў працаваць у газету прыйшоў Мікалай Дзянісаў. З ім у нас атрымаўся зладжаны дуэт. Пасля 1986 года, мы, так бы мовіць, «разгавеліся» і выкрывалі праз прызму сатыры шмат чаго. Калі адразу пераважалі нейкія бытавыя праблемы, грамадскія заганы, то пазней замахваліся і на палітыку, падымалі больш глабальныя тэмы. Затое і не раз з калегам выклікаліся на «ковер» да першага сакратара райкама партыі, там адказвалі за свае матэрыялы. У калідоры кожны раз мільгала думка, што з трэскам вылецім з рэдакцыі, аднак, патлумачыўшы сваю пазіцыю, заўсёды выходзілі з кабінета з горда паднятай галавой. Зразумела, больш за ўсіх даставалася рэдактару, але ён стойка вытрымліваў націск райкама. Мы былі праваднікамі народных памкненняў, выкрывалі заганы, мабыць, таму да нас і прыслухоўваліся. Так, «Ёрш» быў колкі, але праўдзівы.

У кастрычніку 1989 года, напрыклад, пісалася: «…Шыбую на сушзавод. Яшчэ здалёк бачу вялікую калону машын, якія выстраіліся ў чаргу да вагаў. Мітусяцца вадзіцелі. Бегае жанчына ў белым халаце. Усе лямантуюць — а справа ні з месца. Не прымаюць бульбу, бо не паспелі падрыхтаваць месца пад новы бурт. Я да дырэктара — няма, да галоўнага інжынера — няма. Пытаюся, дзе знайсці кагосьці з кіраўнікоў. Ніхто не ведае. Ну і парадкі на гэтым прадпрыемстве… Гаспадаркі вязуць бульбу, калі каму выйдзе, бо графіка няма. Вось і атрымліваецца, што ў адзін дзень густа, а ў другі — пуста. У галаве ўсё круцілася думка: каб своечасова прыняць бульбу, не патрэбны ні склады, ні магутныя перапрацоўчыя канвееры. Трэба было толькі крыху падраўнаваць пляцоўку. А кіраўніку прадпрыемства, каб арганізаваць гэтую простую справу, спатрэбілася амаль паўдня… У нашым падводным царстве такога няма».

Сапраўды, перапісана і выкрыта чалавечых заганаў было нямала. Дасціпны гумар, пільнае вока і вострае пяро — вось тыя інструменты, якія дапамагалі Яршу пісаць па сутнасці, трапна і тонка. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.