У Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы адбылася сустрэча з паэтам Станіславам Валодзькам

В свободное время
У рамках Тыдня беларускага пісьменства ў цэнтральнай бібліятэцы адбылася літаратурная сустрэча з паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскім дзеячам Станіславам Валодзькам, які жыве ў Даўгаўпілсе. Падчас яе аўтар прэзентаваў два свае зборнікі.

Станіслаў Валодзька — часты госць на Браслаўшчыне. Творчая асоба падтрымлівае сяброўскія стасункі з работнікамі многіх устаноў культуры, супрацоўнічае з дырэктарам Браслаўскай ЦБС Вольгай Ляснеўскай, а мясцовы кампазітар Альберт Бялусь неаднаразова пісаў музыку да яго вершаў. У суаўтарстве з апошнім быў нават выдадзены зборнік песень «Песенны масток», які прэзентавалі мінулай восенню ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур у Мінску.

На сустрэчу з творцам у бібліятэку запрасілі вучняў і культработнікаў. На гэты раз С. Валодзька прывёз два зборнікі — «Пад небам Радзімы» і «На гэтай зямлі». Яны змяшчаюць у сабе вершы рознай тэматыкі, навелы і п’есу.

Разам з паэтам на літаратурную сустрэчу прыехалі яго сябры — Лідзія Знатыня, старшыня славянскага таварыства «Узоры» г. Ліванэ і выканаўца песень Яўген Пашкевіч з Латвіі. Станіслаў Валодзька распавядаў прысутным пра сябе, чытаў вершы, якія перамяжоўваліся песнямі ў выкананні Л. Знатыні і Я. Пашкевіча.

Сустрэча прайшла, як кажуць, на адным дыханні. Напрыканцы мерапрыемства Вольга Ляснеўская падзякавала паэту за творчасць, супрацоўніцтва і пажадала яшчэ не адзін раз сустрэцца ў сценах бібліятэкі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.