«Нашы хваляванні аказаліся марнымі». Жыхары дома №57 па вуліцы Садовай дзякуюць будаўнікам за якаснае правядзенне работ

Актуальное Дажынкі-2019 Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Сапраўды ўнікальную магчымасць атрымалі дамы старой шматпавярховай забудовы Браслава: дзякуючы правядзенню ў нашым раёне абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» некаторыя з іх адрамантаваны часткова, іншыя ж рэканструяваны цалкам і выглядаюць цяпер не горш за новыя.

Пашанцавала ў прамым сэнсе і жыхарам дамоў па адной з цэнтральных вуліц Браслава — Садовай, у тым ліку двухпавярхоўкі пад нумарам 57. Тут у хуткім часе рамонт завершыцца, аднак перамены відавочныя нават цяпер. Ходам работ задаволена і пераважная большасць кватэраўладальнікаў. Нюансы, прызнаюцца, ёсць, але ў цэлым яны рады, што дачакаліся такога шчаслівага для ўсіх моманту.

Дарэчы, дом пабудаваны ў 1972-м і за гэты час (а прайшло, няцяжка падлічыць, 47 гадоў), як кажуць самі жыхары, капітальных рамонтаў яны не памятаюць. Не дзіўна, што многае патрабавала абнаўлення, сваімі сіламі пажылыя людзі стараліся падтрымліваць парадак, але ўжо не спраўляліся. Калі даведаліся, што і на іх дом у рамках «Дажынак» выдзелены немалыя сродкі, сталі хвалявацца за аб’ём і якасць выканання работ.

Рамонт жа аказаўся сапраўды капітальным. У доме уцеплены тарцовыя сцены, патынкаваны і пафарбаваны фасад, перакрыты дах, ачышчаны вентыляцыйныя шахты, зроблена адмостка і вадасцёкавая сістэма. Таксама ў двухпавярхоўцы заменены ўваходныя дзверы і дзверы ў цеплавузел і склеп, у пад’ездзе пастаўлена сучаснае акно з функцыяй адкрывання. Асабліва парадаваў жыхароў іх ганак, які раней узімку ператвараўся ў каток, затое цяпер прыступкі абзавяліся поручнямі, што асабліва важна для пажылых людзей.

— Мы б самі такі рамонт ніколі не зрабілі, — расказваюць насельнікі дома № 57. — Нашы хваляванні наконт якасці аказаліся марнымі, бо робіцца ўсё на высокім узроўні. Вельмі ўдзячны будаўнікам ПГВУП «Гравеліт» з Наваполацка і асабіста яго дырэктару Аляксандру Балабаеву і галоўнаму інжынеру Аляксандру Круглікаву за кваліфікаванасць, аператыўнасць і зладжанасць у рабоце.

Супрацоўніцтва з працалюбівымі і добразычлівымі будаўнікамі ў нас пакінула самыя прыемныя ўражанні.

Спадзяюцца жыхары, што адрамантаваны дом будзе радаваць іх доўгія гады. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.